Гурт “Dzieciuki” выступіў у Варшаве
Гарадзенскія фолк-панкі “Dzieciuki” выступілі ў польскай сталіцы з новым альбомам “Рэха”, у якім музыкі сабралі песні з такімі гістарычнымі постацямі як Тадэвуш Касцюшка, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Давыд Гарадзенскі, Вітаўт Вялікі ды іншыя.
“У нас ёсць іншы погляд на гісторыю ў параўнанні да той, што зараз афіцыйна падаецца, і свае песні мы накіроўваем да людзей, якія могуць думаць крытычна”, – сцвярджае саліст гурта Алесь Дзянісаў:
У нашых тэкстах ёсць нейкія супярэчнасці, мы гэта прызнаем, мы не нейкая энцыклапедыя, якая выдае дакладныя адказы на нейкія дакладна пастаўленыя пытанні. Узяць, напрыклад, песню пра Касцюшку, дзе мы спяваем “За нашу і вашу свабоду!” – гэты лозунг насамрэч не існаваў у часы Касцюшкі, гэты лозунг стаў афіцыйным толькі падчас паўстання 1830-1831 гг. Але мы падумалі пра тое, што Касцюшка і яго паплечнікі проста не дадумаліся на той час такі лозунг прыдумаць, гэты лозунг прасіўся ў тыя часы і пад іх паўстанне.
Наступны трэці альбом музыкі плануюць запісаць разам з польскім гуртом „Hańba”, да якога накіроўваюцца на рэпетыцыі ў Кракаў, а таксама з бардам Сяргеем Башлыкевічам.
[Not a valid template]
Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтара