Гурт Essa выдаў дэбютны альбом “Няміга”
З гораду ў вёску. Этна-авангардовы гурт Essa выдаў дэбютны альбом з назовам “Няміга”. Запіс адбыўся ў Ракаве, што пад Менскам, куды перасяліліся са сталіцы стваральнікі гурту – мастакі і этнакасмолагі Вольга Дзядовік і Тодар Кашкурэвіч.
– Рэч у тым, калі мы пераехалі ў Ракаў, мы адчулі сябе больш свабоднымі – ад акалічнасцяў горада, ад суседзяў, ад усіх вушэй, якія нас слухаюць, якія адпільноўвалі голасныя этнічныя спевы.
Альбом гурту Essa складаецца з двух дыскаў: першы змяшчае аўдыё- і відэа-матэрыялы, а другі выразаны з наждачнай паперы. Для гукасесіяў Тодар і Вольга абралі ўласную хату і занядбаны ангар на ўскраіне мястэчка. Адмыслова дзеля запісу ў Ракаў прыяждалі музыкі з Вільні на чале з легендай джазу Петрасам Вішняўскасам.
Вольга Дзядовік:
– Проста гэта быў такі ж эксперымент, бясконцае жаданне што-небудзь спрабаваць. І мы такім чынам запрасілі Пятраса. Фактычна ідея яго запрасіць і зрабіць канцэрт у канцэртным зале “Мінск”, усё гэта было толькі для таго, каб прыцягнуць Вішняўскаса ў авангард.
Бліжэйшы выступ Тодара Кашкурэвіча і Вольгі Дзядовік адбудзецца ў Ракаўскім фольк-цэнтры ў бліжэйшую суботу, 27 лютага. Кампанію ім складзе музыка з Польшчы Давыд Адрыянчык і гурт “Князь Мышкін” з Менску. Прэзэнтацыя ж альбома адбудзецца пазней, увесну.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота tuzin.fm