Гурт „Крама” збірае грошы на новы альбом
Лідар рок-гурта „Крама” правёў творчую вечарыну ў Гародні, па запрашэнні ўласнікаў „Цэнтра гарадскога жыцця”, якія гэтай сустрэчай распачалі новы сезон сваёй дзейнасці.
Ігар Варашкевіч саліраваў, а крамаўскія песні падхоплівалі гарадзенцы. Многія са слухачоў раслі ды выхоўваліся на песнях „Крамы”. Цяпер гурт патрабуе падтрымкі ад сваіх заўзятараў: на выданне новага альбома нестае сродкаў, якія неабходна сабраць талакою. Кажа Ігар Варашкевіч:
– Павінны былі ўжо яго запісаць. Але запісалі дзве песні вясной і з-за недахопу грошай на лета справа спынілася. Таму мы вырашылі ўсё ж такі праз краўдфандынг сабраць грошы, каб спакойна запісаць альбом. Бо без грошай гэта зрабіць немагчыма ў прынцыпе.
На сайце Талака цяпер ідзе збор сродкаў. Пакуль сабрана каля пятай часткі неабходнай сумы для запісу музычнага альбома. Калектыў „Крамы” спадзяецца, што супольнымі намаганнямі заўзятараў ужо ўвесну наступнага года гэты альбом будзе гатовы для прэзентацыі.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня