Гурт „Laudans” прэзентаваў альбом „Звязаны з часам”
“Звязаны з часам” – новы музычны альбом прэзентаваў гурт “Laudans” у Глыбокім. Гэта ўжо пяты па ліку з дзевяці прэзентацыйных канцэртаў у Беларусі. Першы адбыўся ў Гародні, апошні – музыкі плануюць даць у Менску. У новы альбом увайшлі песні на беларускай, польскай і ангельскай мовах, якія музыкі пісалі год.
Па словах вакаліста гурта “Laudans” Андрэя Лугіна, кожны чалавек звязаны з часам, якога заўжды не хапае. Таму і вырашылі гэты час укласці ў музыку:
– Скідвалі ў тэчку песні, над якімі працавалі. Бачна было, што ў песнях пра час нешта спяваем, што нам мала ці шмат яго, трэба спяшацца любіць. Тэчку адразу назвалі „Звязанае з часам”. Потым кажу Алёне, а што калі назваць альбом „Звязаны з часам”? Што я звязаны, ты звязаны, кожны звязаны з часам.
Гурт “Laudans” складаецца з вакаліста і гітарыста Андрэя Лугіна і Алёны Палачанскай, якая грае на сінтэзатары і складае песні. Назва гурта ў перакладзе з лацінскай мовы азначае “Той, хто славіць”. Дуэт грае ў стылі rock, pop, jazz, electronic music.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя