Гурт NAVI прызнаецца ў любові да Падляшша і распавядае пра планы



У Бельску і Беластоку на мінулым тыдні слухалі беларускіх бардаў. Для гурта NAVI гэта быў ужо трэці візіт у Польшчу за год, а на „Бардаўскую Восень” яны прыязджаюць не першы год і зазначаюць, што публіка і атмасфера тут асаблівыя. Зарадка пазітыўнай энергіяй вельмі прыдасца гурту, які зараз рыхтуецца да рэлізаў новых песень і новага альбому.

dscf5676

Арцём Лук’яненка: – Магу сказаць, што ў гэтым годзе быў наш самы яскравы выступ на „Бардаўскай Восені”. Мы трэці год запар на фестывалі.  Але ўпершыню поўным складам гурту. Я вельмі хацеў, каб мы прыехалі ўсе, і гэта атрымалася. Я вельмі шчаслівы.

Ксенія Жук: – Гэта магія, якая кожны раз адбываецца на „Бардаўскай Восені”, я не знаходжу тлумачэння, чаму тут так адбываецца. Можа гэта людзі такія адкрытыя тут, яны адразу адкрываюцца для цябе, і што б ты не спяваў, іх гэта чапляе.

РР: Вось вы ў гэтым годзе выступалі на „Басовішчы” і цяпер на „Бардаўскай Восені”. Розны фармат, розная атмасфера. Там публіка скача, танчыць, у Бельску ж зала такая, што людзі сядзяць. Параўнайце, калі ласка, дзе лепш, дзе вам больш падабаецца?

Ксенія Жук: Не магу сказаць, што недзе лепш. Магу толькі сказаць, што два гэтыя канцэрты былі вельмі моцныя. Кожны з нас адчувае нейкае яднанне, калі мы ў Польшчы. Не толькі ў Польшчы так бывае. Але вось тры разы на год мы прыязджаем, і кожны раз тут такое яднанне атрымліваецца. Пачуцці такія моцныя, шчырыя. Я хачу падзякаваць польска-беларускаму слухачу за тое, што ён такі ўважлівы.

Арцём Лук’яненка: Зараз мы амаль запісалі новы альбом, пакуль мы не гаворым, як ён будзе называцца. І калі ён выйдзе, мы дакладна таксама не можам сказаць. Але канцэртная прэзентацыя прызначаная на 14-га лютага ў Менску. І адпаведна спадзяемся, што ў студзені альбом з’явіцца ў Інтэрнэце, але канкрэтнай даты пакуль няма. У альбом увойдзе чатыры беларускамоўныя песні, астатнія пяць альбо шэсць расейскамоўныя. І мы так не спецыяльна вырашылі, так проста атрымалася. Мы спадзяемся, што гэты альбом, над якім мы вельмі рупліва працавалі ўсім складам, дазволіць нам зрабіць крок наперад.

РР: Пра што альбом, якая ягоная канцэпцыя?

Ксенія Жук: Ён вельмі задуменны, ён будзе іншы, чым раней. Песні на ўзровень вышэйшыя, чым былі мінулыя. Аранжыроўкі, тэксты, мелодыка, глыбіня.

Арцём Лук’яненка: Апрача таго ў нас з’явілася песня – дуэт альбо трыа з вядомым расейскім пісьменнікам Яўгенам Грышкаўцом. Яна ўвойдзе ў альбом. А яе асобны рэліз адбудзецца на пачатку лістапада. Яе назва «Колыбельная», яна расейскамоўная. Яна вельмі павольная, а ейнай лірыкай мы вельмі ганарымся.

А ажно да дня закаханых ніякіх канцэртаў NAVI не плануецца. А наконт магчымасці вяртання на Падляшша ў наступным годзе Арцём і Ксенія кажуць: «Калі запросіце, то абавязкова прыедзем!»

Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя