Гурт NaviBand выдаў сінгл і прома-відэа «Поезд»
Напярэдадні вялікага гастрольнага тура па краінах Еўропы гурт NaviBand выдаў сінгл і прома-відэа «Поезд», у якіх настальгуе па роднай Беларусі.
«Поезд» – гэта перакладзеная на беларускую мову і цалкам перазапісаная песня «Вдаль». Пасля вымушанага ад’езду з Беларусі яна набыла для музыкаў новы сэнс.
«У сучасных абставінах для нас гэтая песня пра тое, што шмат каму давялося пакінуць свой дом, сесці ў свой умоўны непажаданы цягнік і паехаць у бок невядомасці. Песня пра сум па радзіме, але з надзеяй на лепшае», – распавядае аўтар песні і перакладу Арцём Лук’яненка.
Пра гэта ж – радзіму і надзею – распавядае і размешчанае ў сацсетках гурта прома-відэа, якое гурт зрабіў з мастачкай Аленай Катоўскай.
Менавіта ў гэтай версіі песня гучыць зараз на канцэртах гурта NaviBand, якія хутка распачне вялікі еўрапейскі тур. Выступы адбудуцца ў Познані (17.10), Уроцлаве (18.10), Берліне (21.10), Мюнхене (22.10), Празе (23.10), Кракаве (25.10), Лімасоле (9.11), Любліне (16.11), Вільні (18.11), Рызе (19.11).
Сінгл на музычных пляцоўках – https://band.link/NBpoezd
Прома-відэа ў Instagram – https://www.instagram.com/reel/CyDQP6EMo0f
Беларускае Радыё Рацыя