Гурт „Разбітае Сэрца Пацана” прадставіў новы альбом



Пасля доўгага маўчання галоўны рамантык-бэнд беларускай сцэны «Разбітае Сэрца Пацана» прадстаўляе на «Першаку» свой новы альбом «Пасрэдствам Срэдств». Слухаць і падпяваць яму трэба стоячы і з поўнымі слёз вачыма, як і любому сапраўды народнаму гімну.

РСП

У новым альбоме хлопцы зноў эксперыментуюць з гукам, які гэтым разам становіцца больш яркім, аб’ёмным і сучасным. Электронна-сінтэтычныя матывы і прымочкі дадаюць матэрыялу касмічнасці і відовішчнасці. Музычная атмасфера альбома змяшчае шмат кіслароду, дыхаецца ў ёй свабодна і лёгка. Зрэшты, гэта не моцна спрашчае жыццё лірычным героям плыткі – людзі, пра якіх спяваецца ў песнях, па-ранейшаму пакутуюць ад бытавухі, неўзаемнага кахання, недахопу грошай, свабоды, справядлівасці. Яны самотныя, смешныя, страчаныя, кінутыя, незразумелыя і часта непачутыя. Яны нагадваюць сапраўдных людзей. І ў гэтым прыдуманым свеце, як і ў рэальным, іх выратуе іронія, любоў і вера ў сябе.