Народная медыцына і “Re1ikt” на гарадзенскіх курсах “Мова нанова”
Народная медыцына прыйшла на гарадзенскія моўныя курсы „Мова нанова”. Заняткі пазнаёмілі наведвальнікаў курсаў не толькі з прыказкамі і прымаўкамі, але і з замовамі для выздараўлення. Забавай сталі моўныя гульні па складанні ўласных замоваў.
Кажа вядоўца Вераніка:
– Бабулі карысталіся замовамі. Памятаеце ж, як бабулі, калі нешта забаліць, зачытвалі замову і ўсё пасля ночы праходзіла.
– Ой, вы, зубы, зубы. Чаму ж вы нябелы ды руды. Хіба вы кепска жавалі, што хваробу дасталі. Перастаньце ж вы хварэці!
– Я думаю, што нават традыцыйная медыцына цяпер карыстаецца народнай медыцынай. Да нас прыехалі цікавыя госці. Але, тым не менш, я мяркую, што ў нас на курсах і так цікава.
Традыцыйна гарадзенскія курсы „Мова нанова” штотыдзень праходзяць па панядзелках а 18-й гадзіне. Першая гадзіна – для маленькіх, а далей – тэмы для дарослых аматараў мовы. На курсы запрашаюцца вядомыя людзі альбо адмыслоўцы ў заяўленай тэме абмеркавання. На гэтай сустрэчы госцем быў гурт „Re1ikt”, які прывёз свой новы альбом „Лекавыя травы”.
[Not a valid template]
Ужо ў снежні пройдзе афіцыйная прэзентацыя апошняга альбома „Лекавыя травы”. Тэксты народныя, вакаліста Уладзіміра Казлова, але большасць песень напісаў бубнач Аляксандр Дземідзенка.
– Мне падаецца, што ў кожнага чалавека была бабулька, якая варыла яму нейкія зёлкі. І калі была хвароба, чалавек іх выпіваў – і здароўе паляпшалася. І альбом, хутчэй за ўсё, пра тое адчуванне, калі табе дрэнна і ты ўжываеш штосьці прыроднае, сваё, прыемнае, цёплае. І твой стан паляпшаецца.
Апошняя кампазіцыя была выканана ў цемры. Музыкі папрасілі выключыць святло, бо, як казаў у ранейшым інтэрв’ю Аляксандр Дземідзенка, цемра дадае касмічнай энергетыкі іх песням. Па завяршэнні канцэрта гарадзенцы мелі магчымасць набыць прадукцыю гурта, атрымаць аўтографы і сфатаграфавацца.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота і відэа аўтара