Гурт Re1ikt выпусціў крафтавую гарбату да перавыдання альбома „Лекавыя травы”
Крафтавая гарбата „Рэліктавы лес” створана адмыслова да перавыдання альбома „Лекавыя травы” беларускага гурта Re1ikt, які выйшаў у 2015 годзе, быў высока ацэнены крытыкамі ды слухачамі і атрымаў шэраг узнагарод.
„Чаму мы вырашылі зрабіць перавыданне гэтага дыска? Наўпрост скончыўся папярэдні наклад. Ён разыйшоўся літаральна за год, можа троху болей. Але людзі час ад часу запытваліся на гэтую плытку. Гэта даволі знакавы альбом як для нашага гурта, так і ў нечым для беларускай музыкі”, – кажа лідар гурта Аляксандр Дземідзенка.
Перавыданне альбома – нячастая з’ява сярод сучасных беларускіх музыкаў, як і выпуск адмысловай прома-прадукцыі, такія стратэгіі найбольш распаўсюджаныя сярод заходніх выканаўцаў. Удзельнікі гурта Re1ikt сцвярджаюць, што стараліся дадаць у свой прадукт аўтэнтыкі.
„Многія артысты ствараюць уласныя брэнды (прыкладам, Снуп Дог вырабляе дызайнерскае адзенне, а Рыяна – касметыку), хоць гэтыя рэчы ў большасці выпадкаў мала звязаныя з музыкай. Мы ж памеркавалі, што беларусам да смаку будзе менавіта бадзёрлівы эка-напой”, – тлумачыць Аляксандр Дземідзенка.
Пра тое, чым менавіта адметная гэтая кампіляцыя зёлак распавёў басіст гурта Зміцер Наркевіч:
„Склад гарбаты „Рэліктавы лес” выйшаў вельмі беларускім. Ідэя была яшчэ і ў тым, каб гэта быў не проста добры набор зёлак, але і нейкім адпаведнік нам, нашай музыцы, канцэпцыі альбома. У выніку ў складзе мы маем дзікую ліпу, пупышкі хвоі, лісце брусніцы і яшчэ некалькі традыцыйна лясных лекавых інгрыдыентаў„.
Навінка з’явіцца ў меню сталічнага „Грай-кафэ”, а таксама на паліцах беларускіх крам. Музыкі плануюць прадаваць гарбату і на сваіх канцэртах.
„Адмыслова за выхаду гарбаты і перавыдання дыску мы знялі рэклямны ролік. У хуткім часе яго можна будзе пабачыць. Тое, што людзі дагэтуль слухаюць музыку на фізічных носьбітах часам вельмі прыемна здзіўляе. Наступным крокам у нас запланаваны выхад акустычнага альбома, якія мы запісалі на хутары ля Браслава. Гэта будзе вельмі атмасферны рэліз, які мы самі нецярпліва чакаем”, – зазначыў вакаліст гурта Уладзімір Казлоў.
Гурт Re1ikt спалучае сучасныя музычныя плыні з традыцыйным беларускім песенным фальклорам. Альбом „Лекавыя травы” гурта атрымаў шматлікія ўзнагароды: „Лепшы рок-альбом”, „Прыз народных экспертаў”, „Прыз штатных экспертаў” на прэміі Experty.by, „Альбом года” на прэміях „Даём рады” і Rock Profi.
18 сакавіка ў „Грай-кафэ” адбудзецца дэгустацыя гарбаты „Рэліктавы лес” для ўсіх ахвотных і акустычны канцэрт Re1ikt, пачатак імпрэзы а 19.00.
Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя. Менск.
Фота аўтара