Гурт «Recha» прэзентаваў кліп на песню «Снег»
Менскі гурт «Recha» прэзентаваў на Каляды кліп, зняты яшчэ 3 гады таму. Музыкі не хацелі яго выпускаць у свет, пакуль не завершыцца праца над дэбютным альбомам.
Распавядае лідар гурта, музыка і мастак, Андрэй Такінданг:
— Там у мяне былі такія словы: лірычна гераіня марыла ўцячы ад сваіх праблемаў у сонечны Крым. А яшчэ на відэа мне чамусьці захацелася намаляваць розных жаўнераў, якія стралялі ў зачараваным лесе. І я думаў: навошта ўсё гэта? А цяпер я гляджу і разумею, што гэта нейкія такія мастацкія супадзенні: на жаль, не вельмі вясёлыя. Тым не менш, песня — навагодняя, эстрадная, прыдатная акурат да гэтых вясёлых святаў.
У запісе песні «Снег» і здымках кліпу на яе ўзяла ўдзел пераможца «Бардаўскай восені 2011» Паліна Рэспубліка. Песня ўвайшла ў дэбютны альбом гурта «Recha», пад назвай «Перайначыць».
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя