Гурт «Vuraj» дасць у Гародні сольны канцэрт
Калядны падарунак гарадзенцам. Этна-фольк гурт «Vuraj» святкуе свой пяты дзень народзінаў і з гэтай нагоды музыкі прыязджаюць у Гародню з вялікім сольным канцэртам і прэзентацыяй новага альбому.
Кажа дырэктар этна-крамы «Цудоўня» і адзін з арганізатараў канцэрта Андрэй Несцяровіч:
— Гурт «Vuraj» пэўна адзін з найбольш свядомых беларускіх этна-гуртоў, вядомы перш за ўсё ў Менску. На жаль, у Гародні і рэгіёнах яго ведаюць значна менш, але фактычна ў сваім асяродку яны на ўзроўні «Крамы» ці NRM. Да нас яны прыязджаюць з прэзентацыяй свайго новага альбому, з каляднай праграмай. Яны абавязкова зладзяць шоў, інтэрактыў, бо ў іх проста выдатнейшая праца са слухачамі. Яны вельмі якасны гурт і для Гародні гэта сапраўды культурная падзея і, на жаль, дастаткова рэдкая.
Канцэрт адбудзецца ў Гародні 25 снежня а 18-й гадзіне ў рэстаране «Тапаз». Квіткі прадаюцца па цане 60 тысяч, у дзень канцэрту будуць каштаваць — 80 тысячаў рублёў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя