Гурт PET NIHIL прадставіў неафіцыйную версію кліпа „Вырадак”



Музыка і лідар гарадзенскага гурта PET NIHIL Юрый Лакціёнаў прадставіў на YouTube альтэрнатыўную версію кліпа на песню «Вырадак». Музычны шэраг песні гурта накладзены на кадры, знятыя ў час спробы рэжыму Януковіча падавіць пратэстныя настроі ўкраінскага народа, і прысвячаецца ўдзельнікам Еўрамайдана, якія загінулі за свабоду Украіны. Ідэя кліпа належыць вакалісту гурта і журналісту Аляксандру Баразенку, які стаў сведкам падзей на Украіне.

Расказвае Юры Лакціёнаў:

– Украіна, таму што я нарадзіўся ва Украіне. Адбывалася гэта на пачатку Майдана, і калі пачаліся ўсе гэтыя спробы рэжыму Януковіча падавіць пратэстныя настроі, і тое, што зараз адбываецца на паўднёвым усходзе краіны – мне гэта не абыякава. Таму што Украіна – мая радзіма. Аднак мы ўзялі толькі кадры з Майдана, то бок не сталі браць паўднёвы усход, таму што атрымаўся б кліп вельмі шырокі. Таму толькі Майдан. І гэты рэмэйк – гэта не афіцыйная работа групы.

Кліп на песню «Вырадак» ­ гэта першае афіцыйнае відэа гарадзенскага альтэрнатыўнага гурта PETNIHIL. Зараз музыкі працуюць над падрыхтоўкай матэрыялу для новага альбома, выхад якога запланаваны на 15­ годдзе калектыву ў наступным годзе.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня