Ідзе збор сродкаў на „Беларускую Хрысціянскую Азбуку”
Сабрана ўжо амаль пятая частка ад неабходнай сумы, каб надрукаваць тысячу асобнікаў „Беларускай Хрысціянскай Азбукі”. “Той, хто ахвяруе свае грошы на сайце Talaka.by – пасля выдання атрымлівае кнігі і адмысловыя падарункі”, – кажа сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец і распавядае пра хрысціянскую азбуку:
– Ужо зроблены электронны варыянт „Беларускай Хрысціянскай Азбукі”. Напісаныя адпаведныя вершы для кожнай літары беларускага альфабэту і зроблены малюнкі. Вершы напісаў Канстанцін Севярынец, дзіцячы пісьменнік. А малюнкі зрабіла Аляксандра Дзежыц – маладая мастачка. Гэтыя малюнкі друкаваліся на хрысціянскім партале krynica.info. А зараз мы вырашылі зрабіць першую міжканфесійную хрысціянскую азбуку.
Як распавёў Павел Севярынец, спачатку на сайце Talaka.by не прынялі заяўку па зборы сродкаў на друкаванне „Беларускай Хрысціянскай Азбукі”, спаслаўшыся на рэлігійную скіраванасць праекту. Але пасля абурэння вернікаў, усё ж размясцілі заяўку на сваёй старонцы. Каб надрукаваць тысячу асобнікаў азбукі, трэба да 24-га жніўня сабраць 48 мільёнаў, або 4 тысячы 800 новых рублёў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя