“Ідзі да Бога, папрасі ключы” – свежы рэліз ад гурта Vuraj
Нястомны папулярызатар беларускага фальклору гурт Vuraj прадстаўляе новы EP пад назвай Kalyna (Калына). У яго ўвайшлі песні, якія гурт адшукаў падчас веснавой экспедыцыі па Берасцейскай вобласці.
На EP чатыры трэкі, але толькі дзве песні. Cправа ў тым, што акрамя “вурайскіх” варыянтаў, можна паслухаць і аўтэнтычнае выкананне жывымі носьбітамі традыцыі.
“Гэтым раз мы паставілі перад сабой задачу максімальна захаваць аўтэнтыку твораў – мелодыі, вымаўленне, настрой і нават традыцыйную манеру выканання”, – кажа лідар Vuraj Сяржук Доўгушаў.
З гэтай мэтай на запіс адной з песень запрасілі вакалістку полацкага гурту „Варган” Ганну Лутаву, якая заспявала з Сержуком у дуэце. У другой кампазіцыі разам з „Вураем” гучаць галасы спявачак з народнага калектыву „Бабіна Лета”.
Акрамя таго, у запісе EP паўдзельнічалі новы басіст Vuraj Піліп Петчанка, вядомы таксама па праекце Dee Tree, і бубнач Аляксей Максімаў. Запіс праходзіў на менскай студыі Everest. Звядзенне і майстарынг – Павел Сініла. Дызайн вокладкі – Ліза Лянкевіч. Запіс аўтэнтычных выканаўцаў – Арцём Петрашкевіч.
Каляндарную веснавую песню „Юр’я” запісалі ў вёсцы Аранчыцы Пружанскага району. Заспяваў яе калектыў „Бабіна Лета”, які быў створаны яшчэ ў 80-х гадах і па сёння працягвае традыцыю народных спеваў. Кіраўніцы і найстарэйшай удзельніцы гурту Таццяне Піліпаўне Пушко ўжо 84 гады, але спевам гэта не замінае.
Юр’я – гэта старажытнае народнае свята ў гонар святога – заступніка сялянскай жывёлы і нівы. Гэты дзень адзначае пачатак вясны, адраджэнне зямлі. Юр’ю просяць узяць у Бога ключы, каб адчыніць зямлю і распачаць новую пару году. Са святам звязана шмат абрадаў і павер’яў – так, пастухі ў гэты дзень не бралі з сабой нажа, бо вастрыць нож – вастрыць воўку зубы.
Заглаўная песня EP “Калына” распавядае пра лёс прыгажуні, якая нядаўна пераехала жыць да мужа.
Маладой жонцы цяжка прыходзіцца ў новай сям’і – свякроў яе неўзлюбіла і абгаворвае. Гэта папулярны сюжэт беларускіх вясельных песень: нялёгка бывае дзеўчынам пакідаць бацькоўскі дом і шукаць новай долі ў сям’і мужа.
Еўдакія Зіновіч і Фёдар Булыга
Песня паходзіць з Палесся, з Драгічынскага раёну. Запісалі яе ў вёсцы Волька ў выкананні сямейнага дуэту Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі. Дуэт выконвае старадаўнія “колішнія” песні, працягваючы палескую традыцыю. Акрамя таго, музыкі займаюцца ткацтвам ды рамёствамі.
Паводле прэс-рэлізу