IFMC прадставіць прэм’еру „Вія” і „Ганну Карэніну” ў новай трактоўцы
Артыстаў з Беларусі, Бельгіі, Іспаніі, Нідэрландаў, Расеі і Украіны збярэ ў Віцебску XXXII Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC), паведамілі карэспандэнту ў Цэнтры культуры „Віцебск”.
IFMC пройдзе з 18 па 23 лістапада. На адкрыцці гледачы ўбачаць легендарную „Ганну Карэніну” – пластычны спектакль без слоў у выкананні артыстаў Маскоўскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Вахтангава. Рэжысёр спектакля Анжаліка Холіна прадставіць сваю трактоўку рамана – жанчына не павінна быць прадметам задавальнення мужчынскага самалюбства.
У цэлым афіша IFMC-2019 прадстаўлена рознафарматнымі пастаноўкамі. 19-20 лістапада адбудзецца сусветная прэм’ера балета „Вій” у выкананні акадэмічнага тэатра „Кіеў Мадэрн-балет”. Пастаноўка будзе прадстаўлена адразу на дзвюх сцэнах: на віцебскай – IFMC і менскай – Вялікі тэатр оперы і балета. 21 лістапада адбудзецца паказ работы бельгійскага харэографа Яна Мартэнса Sweet Baby Sweeet, заснаваны на розных мовах руху – ёга, цыркавая акрабатыка і нават рок-н-рол. Пермскі дзяржаўны тэатр „Балет Яўгена Панфілава” прывязе дзве прэм’еры: аднаактовыя балеты „Лабірынт” і „Чалавек паветра”. На закрыцці фестывалю 23 лістапада будзе прадстаўлены лепшы спектакль міжнароднага форуму танца Tanzmesse-2018 у Дзюсельдорфе – Oskara ў выкананні кампаніі танца Kukai Dantza (Іспанія).
Асноўнай падзеяй IFMC-2019 стане беларускі конкурс сучаснай харэаграфіі, заяўкі на які прымаюцца да 21 кастрычніка. Дарэчы, адна з іх ад трыа з пагранічных войскаў Беларусі. Работы фіналістаў паклоннікі фестывалю ўбачаць 22 лістапада.
У дні фестывалю адбудуцца інтэрактыўныя лекцыі, тэарэтычныя майстар-класы, семінары, круглыя сталы. Традыцыйна ў фае канцэртнай залы „Віцебск” будуць экспанавацца выстаўкі.