Ігар Казмерчак: Мы задаволеныя, што дом Караткевіча выкупіў Балабін
Дом Уладзіміра Караткевіча адновіцца і пазней трапіць у рукі музея Караткевіча. Нядаўна стала вядома, што ўладальнік сеткі крамаў “Пяты элемент” Андрэй Балабін выкупіў у Воршы дом, у якім жыў славуты пісьменнік у першыя гады свайго жыцця.
Раней пра планы выкупіць гэты дом заяўляла моладзевае грамадскае аб’яднанне “Звяз”. Яго кіраўнік Ігар Казмерчак адказаў на пытанне нашага карэспандэнта, ці задаволены ён тым, як вырашылася сітуацыя:
– Мы далучаліся да гэтай сітуацыі вакол дома, калі стала вядома, што яго могуць прадаць пад знос. Тая шуміха, якую атрымалася нам падняць у СМІ, яна і прывяла да таго, што дом усё ж такі захаваецца. Усё ж такі яго не знясуць. Канешне, нашая прапанова была, каб мы выкупілі дом, але гэта не было мэтай, гэта было імкненне для яго захавання. І тое, што яго выкупіў уладальнік “Пятага элемену”, гэта нават лепш для нас. Таму што, па сутнасці, мы дом захавалі, культурная пляцоўка там нейкая будзе.
Дом Уладзіміра Караткевіча знаходзіцца на былой вуліцы Касманаўтаў, якая затым была перайменаваная ў гонар знакамітага аршанца, які на ёй жыў.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя