Ігар Лучанок адзначае сваё 80-годдзе



Кампазітар, народны артыст Беларусі і СССР, прафесар, акадэмік, доктар навук Ігар Лучанок 6 жніўня святкуе 80-годдзе.

Славуты кампазітар унёс неацэнны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры. Яго творчасць з’яўляецца сапраўднай эпохай у музычным мастацтве Беларусі.

Нарадзіўся Ігар Лучанок 6 жніўня 1938 года ў Мар’інай Горцы Пухавіцкага раёна ў сям’і ўрача. Сям’я была вельмі музычнай. Дзякуючы бацьку Ігар Міхайлавіч у раннім узросце асвоіў цымбалы, скрыпку, баян. У 13 гадоў здольны хлопчык стаў вучнем сярэдняй спецыяльнай музычнай школы пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Будучы кампазітар атрымаў добрую прафесійную адукацыю: ён скончыў Беларускую кансерваторыю па класах фартэпіяна і кампазіцыі, потым два гады вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі імя Чайкоўскага, пасля чаго паступіў у аспірантуру пры Маскоўскай кансерваторыі. Яго настаўнікамі былі такія мэтры, як Анатоль Багатыроў, Яўген Цікоцкі, Уладзімір Алоўнікаў, Дзмітрый Шастаковіч, Ціхан Хрэннікаў.

 

Творчы шлях Ігара Лучанка пачаўся ў 1960-я гады. Яго дыпломнай работай у кансерваторыі стала кантата „Курган” паводле аднайменнай паэмы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Адначасова была напісана і кантата „Салдацкае сэрца” – першы твор кампазітара на ваенную тэму. Лучанок праявіў сябе ў розных музычных жанрах. Ён аўтар струннага квартэта, саната для габоя і фартэпіяна, варыяцый на беларускую тэму для фартэпіяна, рамансаў і хораў, вакальных цыклаў, а таксама музыкі да спектакляў і кінафільмаў.

Але галоўнае ў яго творчасці – песня. Менавіта яна прынесла кампазітару першы поспех, калі ў 1966 годзе на першым Усесаюзным конкурсе савецкай песні з баладай „Памяць сэрца” кампазітар Ігар Лучанок, паэт М.Ясень і выканаўца В.Вуячыч сталі пераможцамі сярод вядомых тады аўтараў і выканаўцаў.

Без песень Лучанка сёння цяжка ўявіць музычнае жыццё нашай краіны. Яго творы закранаюць самыя патаемныя струны сэрца, абуджаюць дабро і любоў. Такім жамчужынам песеннай лірыкі Ігара Лучанка, як „Алеся”, „Жураўлі на Палессе ляцяць”, „Вераніка”, „Верасы”, „Мой родны кут” ужо больш за трыццаць гадоў, а яны па-ранейшаму гучаць са сцэны, уваходзяць у кожны дом.

У гісторыю сучаснага мастацтва Ігар Лучанок увайшоў не толькі як выдатны кампазітар, але і як музыкант, педагог і грамадскі дзеяч. Ён бліскуча іграе на фартэпіяна, цымбалах і акардэоне. У 1982-1986 гадах быў рэктарам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. З 1980 года Ігар Лучанок узначальвае Беларускі саюз кампазітараў.

У кампазітара шмат званняў і прэмій. Ён народны артыст Беларусі, народны артыст СССР, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Дзяржаўнай прэміі Беларусі, узнагароджаны ордэнамі „Знак Пашаны”, Дружбы народаў, Францыска Скарыны. У чэрвені 2018 года ў час адкрыцця XVIII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі „Маладзечна” Ігару Лучанку было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна Менскай вобласці.

Да юбілею кампазітара 8 жніўня 2018 года адкрыецца выстаўка ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Госці змогуць азнаёміцца з дакументальнымі матэрыяламі, фатаграфіямі, убачыць асабістыя рэчы, віншаванні, граматы Ігара Лучанка. Лепшыя песні кампазітара прагучаць 26 верасня на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі, дзе адбудзецца гала-канцэрт „Мой родны кут…”, прысвечаны 80-годдзю маэстра.

belta.by