Ігар Мельнікаў: Гісторыя не павінна быць зброяй у маніпуляцыях



“Гісторыя не павінна быць нейкай зброяй у маніпуляцыях сённяшніх палітыкаў. Тым больш, што мы з’яўляемся ахвярай вялікай палітыкі Масквы, якая спрабуе зрабіць 17 верасня нейкім кшталтам “валынскай разні”, як паміж Украінай і Польшчай”.

Дык гісторыя падзяляе ці аб’ядноўвае? Наш сённяшні госць, кандыдат гістарычных навук, лаўрэат прэміі Льва Сапегі 2020 года, Ігар Мельнікаў, кажа, што гісторыю найперш трэба ведаць.

РР: Ведаю, што цяпер праходзіце стажыроўку ў рамках прэміі Льва Сапегі. Як праходзяць гэтыя 10 месяцаў, на што скіраваная ваша праца?

– Я хацеў бы выказаць вялікую ўдзячнасць Варшаўскаму ўніверсітэту, Студыям Еўропы Усходняй за тое, што я стаў лаўрэатам гэтай узганароды, стаў яшчэ да гэтых палітычна-кавідных праблем, у красавіку 2020 года. Пазней пачаліся ўсе гэтыя пературбацыі, і з сакавіка 2021 года я знаходжуся непасрэдна ў Польшчы. Сама стажыроўка – гэта пяць вядучых універсітэтаў Польшчы: Познань, Уроцлаў, Кракаў, Варшава і Беласток. Павінны быць лекцыі, прэзентацыі, праца ў архівах, бібліятэках, але мне прыходзілася зыходзіць з таго, што я прыехаў падчас лакдаўну. Трэба было знаходзіць выхады, і я іх знаходзіў… Канешне, архівы, бібліятэкі, я збіраю матэрыялы для новых сваіх кніг. Асабліва мяне цікавіць цяпер гісторыя польскіх фартыфікацый на тэрыторыі сучаснай Беларусі, непасрэдна на даваеннай польска-савецкай мяжы. Сабраны масіў матэрыялаў. І, як не дзіўна, спрабую рабіць усё, каб раскруціць гэтую тэматыку і ў турыстычным кантэксце, не гледзячы на ўсе палітычныя і кавідныя абмежаванні… Трэба рабіць так, каб тое, што ў нас у Беларусі ёсць прывабнае, яно развівалася і ішло далей.

РР: То бок, асноўная праца – гэта дакументы, але разумею, што і вайсковыя могілкі надалей даюць інфармацыю? І адразу спытаю, наколькі вусная гісторыя далучаецца сюды?

– Мяне цікавіць непасрэдна гісторыя савецка-польскай мяжы ў 1921-1939, 1941 гадах. Гэта досыць важныя моманты еўрапейскай гісторыі, я хачу паказаць менавіта еўрапейскі ўзровень гэтай гісторыі. Там яшчэ даследаваць і даследаваць. На жаль, постсавецкія такія архівы закрытыя, але ў Польшчы, дзякую богу, архівы адкрытыя. Напрыклад, архіў Стражы Гранічнай у Шчэціне, Цэнтральны вайсковы архіў, Архіў актаў новых у Варшаве. Нейкія дакументы ёсць і з расійскіх, і з беларускіх архіваў. Вусная гісторыя: канешне, шмат матэрыялаў сабрана і шмат матэрыялаў працягвае збірацца. Што тычыцца пахаванняў, то гэта крыху іншы момант. Знаходзячыся ў Польшчы, я наведваю вайсковыя могілкі. Для мяне гэта асобны момант, цікавы і важны. Па-першае, гэта вайсковыя могілкі 1920-1930 гадоў. Па-другое, гэта савецкія вайсковыя могілкі. Гэта для мяне справа гонару і справа сямейная. Дзед мой, ветэран Вялікай Айчыннай вайны (Другой Сусветнай вайны), удзельнічаў у баях у Польшчы, пад Варшавай. Ён мне казаў, каб я наведваў гэтыя могілкі, бо там, напэўна, будуць жаўнеры з яго беларускага фронту, дзе ён ваяваў.

І яшчэ вельмі важны момант – гэта разбурэнне сённяшняй расейскай прапаганды пра тое, што ўсё знішчана ў Польшчы, “закатана пад асфальт” і нічога там няма.

А ты прыходзіш на могілкі, а там нават зніч ад прэм’ера Маравецкага стаіць. Гэты момант досыць важны…

РР: Польска-савецкая мяжа. Гэтая частка гісторыі, якой вы захапляецеся, якую даследуеце, маеце багатыя веды, яна нас аб’ядноўвае? Яна нас падзяляе?

– Гэтая гісторыя – гэта феномен Еўропы. Гэта была мяжа цывілізацый: еўрапейскай, капіталістычнай, заходняй з аднаго боку, і ўсходняй, савецкай “імперыі Сталіна” з другога боку. Беларусь падзеленая, хаця гэта адзін народ, і не толькі беларусы, але і палякі, і габрэі, і рускія, якія вымушаныя існаваць на гэтай мяжы. Сёння, калі адбываюцца маніпуляцыі гістарычнымі фактамі (маем, да прыкладу, 17 верасня), часта разумееш, што тыя, хто ўдзельнічаюць у палітычным працэсе, нават не да канца разумеюць гісторыю гэтых падзей: што адбывалася ў міжваенны час, што адбывалася 17 верасня 1939 года. Нават дзяржаўныя ідэолагі беларускія, калі рыхтавалі сюжэты, артыкулы, бачна, што ў іх не хапае ведаў, не хапае ведаў пра сюжэты з гісторыі міжваеннага часу, або з гісторыі 1939-1941 гадоў. У нас у гэтым годзе была досыць важная гадавіна, 80-ая гадавіна нападу Германіі на Савецкі Саюз. Я акурат выдаў трэцюю частку сваёй кнігі “Чэрвень 1941. Спыніць на “старой мяжы” як раз пра баі на старой мяжы: ад Верхнядзвінска і Полацка да Давыд-Гарадку, калі савецкія войскі спрабавалі спыніць нацыстаў на гэтай мяжы, якая была досыць добрым фронтам. Там былі ўмацаванні, памежнікі.

Гэтая трагедыя паказвае, наколькі слаба мы ведаем гісторыю, нават савецкую гісторыю, тое, да чаго ў сучаснай Беларусі ставіліся з пэўным піетэтам.

Насамрэч, мала інфармацыі пра гэта. Я думаю, што мая кніжка першая, якая расказвае пра баі не на лініі Берасця і Гародні, а на той, унутранай мяжы. Сёння я працягваю, не гледзячы на ўсе палітычныя праблемы, расказваць пра гэтую мяжу пра свае артыкулы, публікацыі, YouTube “Гісторыя побач”, пра ўсе аспекты гэтай мяжы. Я надалей лічу, што ў Заслаўі павінен з’явіцца помнік 1941 году, калі памежнікі па-сутнасці абаранялі Менск тры дні. Гэтыя жаўнеры абаранялі горад, гінулі там. Гэта ўжо гісторыя сучаснай Беларусі. Мы павінны шанаваць гэтую памяць, я ўсё роўна буду пісаць і шанаваць гэтую памяць.

Ігар Мельнікаў спадзяецца, што ў 2022 годзе пабачыць свет яго новая кніга “На “мяжы цывілізацый”. Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардону на Беларусі”. Выданне рыхтуецца з дапамогай польскага Інстытута Нацыянальнай Памяці.

– Гісторыя не павінна быць нейкай зброяй у маніпуляцыях сённяшніх палітыкаў. Тым больш, што мы з’яўляемся ахвярай вялікай палітыкі Расіі, Масквы, якая спрабуе зрабіць 17 верасня нейкім кшталтам “валынскай разні” як паміж Украінай і Польшчай… Паміж беларусамі і палякамі нічога такога не існавала доўгі час…

Сёння вяртаецца нават не савецкі погляд, а сталінскі погляд 30-х гадоў, калі ёсць “фашыстоўская Польшча” і мы, “такія добрыя”…

Масква маніпулюе і робіць акцэнты на тых момантах беларускай гісторыі, якія супрацьстаяць заходняй гісторыі, заходняму агульнаму погляду. Для нас гэтая мяжа – гэта тое, што частка Беларусі была часткай еўрапейскай цывілізацыі, што нашы беларусы ў 1939 годзе змагаліся супраць нацыстаў аднымі з першых, гэта важны момант падкрэсліваць 1 верасня. І важна падкрэсліваць не адназначнасць тых падзей. Сталін не думаў пра ўз’яднанне Беларусі ці Украіны, дапамогу братам на захадзе. Вялікія палітычныя гульні дыктатараў.

Уручэнне прэміі Льва Сапегі, лаўрэатам якой з’яўляецца Ігар Мельнікаў, пройдзе ў Беластоку 9 лістапада. Уручэнне прэміі адбудзецца адразу за 2020 і 2021 гады.

Цалкам гутарка з гісторыкам – у далучаным гукавым файле:

Размаўляла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Ладзіка Майніча