Ігар Мельнікаў: Мае даследаванні заўсёды былі беларусацэнтрычнымі
Лаўрэат выбітнай польскай узнагароды імя Льва Сапегі беларускі гісторык Ігар Мельнікаў даследуе найбольш спрэчную тэму Другой сусветнай вайны. Ягоныя працы распавядаюць пра беларусаў у войску польскім, пра даваенную мяжу. Цяпер ідэалогія ўладаў Беларусі мае антыпольскую рыторыку.
РР: Зараз актыўна прапагандуецца тэма Другой сусветнай вайны. Як цяпер улады ставяцца да вашых даследаванняў?
Ігар Мельнікаў: Справа ў тым, што, на вялікі жаль, сёння ў дзяржаўнай ідэалогіі трохі ідзе перакос у антыпаланізм нейкі. І гэта, канешне, можа перашкодзіць працаваць. Разам з тым, мае даследаванні апалітычныя. І яны заўсёды былі беларусацэнтрычнымі. Усе мае кнігі, усе мае артыкулы, усе мае публікацыі менавіта з беларускіх пазіцый.
РР: Раскажыце, калі ласка, пра вашу новую працу.
Ігар Мельнікаў: Гатова мая новая кніга. Я над ёй працаваў апошні год. Збіраў матэрыялы. Гэта ўсё ў кантэксце маёй асноўнай тэмы, якой я займаюся – гэта гісторыя даваеннай мяжы. Гэта кніга “Чэрвень 1941. Спыніць на „старой мяжы”. Кніжка аб’ёмная. Досыць шмат здымкаў як заўсёды будзе. У ёй расказваецца пра баявыя дзеянні паміж Чырвонай арміяй і нацысцкім Вермахтам на старой даваеннай мяжы ў Беларусі. Гэтай тэме ў савецкі час амаль ніхто не прысвячаў даследаванні. Вельмі спадзяюся, што кнігу атрымаецца выдаць і прэзентаваць на 80-ю гадавіну з моманту нападу Германіі на Савецкі Саюз.
Таксама я працягваю даследаванне гісторыі польскіх умацаванняў на тэрыторыі Беларусі і хацеў бы па выніках сваіх даследаванняў зрабіць даведнік па месцах, звязаных з даваеннай савецка-польскай мяжой на тэрыторыі Беларусі. Бо даваенная савецка-польская мяжа – аб’ект унікальны. І хацелася б, каб яго максімальна вывучалі і ў кантэксце гістарычным, але і ў турыстычным.
Цяпер Ігар Мельнікаў працягвае працаваць над супольнай беларуска-польскай гісторыяй нават у няпросты час эпідэміі і абвастрэння стасункаў паміж дзяржавамі.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя