Ігар Палынскі: Упершыню свой дзень нараджэння буду сустракаць на сцэне



У Беластоку ў аўторак, 20 чэрвеня, лідар беларускага гурта “Sumarok” Ігар Палынскі зладзіць вялікі святочны канцэрт: акурат у гэты дзень музыку споўніцца 30 год.

Творца распавёў, чым для яго будзе адметная імпрэза:

– Упершыню свой дзень нараджэння я буду сустракаць на сцэне. Гэта даўняя мара, не буду хлусіць. І нарэшце гэта атрымалася зрэалізаваць. Гэты канцэрт будзе з пэўнай драматургіяй. І гэты канцэрт будзе з крутымі гасцямі, з крутымі музыкантамі, якія выступяць разам са мной, якія будуць разам са мной граць і спяваць мае песні. Гэты канцэрт будзе адметны тым, што ён нейкую рысу падвядзе пад даволі значнай часткай жыцця. Песні ўсе перажытыя. Кожны радок, кожная мелодыя – гэта ўсё максімальна шчыра. Я спадзяюся, што гэта адчуваецца. І гэта будзе квінтэсенцыя гэтай шчырасці. Можа гэта задужа патасна гучыць, але я вельмі мару, каб так і атрымалася.

Канцэрт Ігара Палынскага падтрымаюць Кацярына Ваданосава, Андрэй Дробыш і іншыя.
Падзея адбудзецца ў клубакавярні Duży Pokój. Уваход вольны, данаты вітаюцца.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя