Ігар Случак: З аблвыканкама паведамлі, што гэтая ідэя атрымала падтрымку



Грамадская кампанія па ўсталяванні ў Гомелі копіі помніка Юзэфа Панятоўскага дамаглася першага поспеху. Гэты помнік больш за сто гадоў таму быў прывезены з Варшавы і ўсталяваны ў гарадскім парку. Як паведаміў каардынатар ініцыятывы “Справаводства па-беларуску” Ігар Случак, да яго прыйшлоў адказ з Гомельскага абласнога выканкама, дзе паведамляецца, што пытанне пра помнік плануецца ўнесці ў новую дзяржаўную праграму “Культура Беларусі”, якая зараз распрацоўваецца на чарговы перыяд.

Кажа Ігар Случак:

– Яны паведамілі, што зараз сканчваецца дзяржаўная праграма «Культура Беларусі» і павінна пачацца фармаванне новай праграмы, здаецца да 2020 ці 2025 год, і гэтае пытанне туды будзе ўносіцца – пра ўсталяванне памніка Юзафу Панятоўскаму, каб у адпаведнасці з гэтай праграмай у будучым на ўсталяванне помніка былі сродкі.

Ігар Случак напачатку новага году далучыўся да кампаніі ў справе вяртання помніка і напісаў шэраг адпаведных лістоў у розныя інстанцыі. Грамадскі актывіст лічыць, што вяртанне гэтага помніка ў Гомель абавязкова калісьці адбудзецца. На яго думку гэта стане добрай справай у пашырэнні культурных сяброўскіх адносінаў паміж Польшчай і Беларуссю.

Paniatouski

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя