Ігар Станкевіч пра ініцыятыву „Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы”
Споўніўся год пасля адкрыцця сайту kobylaki.by, які прысвечаны сталінскім рэпрэсіям на Аршаншчыне. Таксама ў гэтыя дні спаўняецца 3 гады ініцыятыве „Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы”, якая пачала сістэмна працаваць з архіўнымі дадзенымі, ствараць інтэрактыўныя мапы.
Стваральнік і кіраўнік Ігар Станкевіч — сёння ў гасцях у „Рацыі”.
РР: Споўніўся год пасля стварэння сайта kobylaki.by. Ці можна праз 12 месяцаў казаць, што з яго дапамогай пра масавыя рэпрэсіі, масавыя расстрэлы пад Воршай, якія чынілі камуністы, даведаліся ўсе, хто не заплюшчваў вочы і вушы?
– Стваралі мы сайт не дзеля таго, каб хтосьці расплюшчваў вочы. Галоўная мэта сайта ў тым, каб сабраць тут усю інфармацыю, якая тычыцца рэпрэсій пад Воршай і Аршанскім раёне. Гэта такі архіў гісторый, імёнаў, дакументаў, якія тычыцца менавіта рэпрэсій у Воршы і Аршанскім раёне. Гэты архіў штодня папаўняецца новымі гісторыямі і новымі дакументамі. На сайт заходзяць людзі, якія шукаюць звесткі пра сваіх сваякоў. Некаторыя з іх пішуць наўпрост мне, дасылаюць новыя дакументы, раяцца якім чынам атрымаць дакументы з архіву КДБ. Збольшага гэта галоўная мэта сайта, каб дапамагаць сваякам знаходзіць звесткі пра сваіх рэпрэсаваных продкаў.
РР: На старонцы рэгулярна публікуюцца гісторыі простых людзей, беларусаў ды асоб іншых нацыянальнасцяў. Адкуль акрамя ўласных даследаванняў вы іх берэце цяпер?
– Так, сапраўды на інтэрнэт старонцы публікуюцца гісторыі розных людзей, частка маіх даследаванняў асабістых, частка ўспамінаў тых людзей, якіх я ўжо сабраў, тыя хто да мяне звяртаецца піша. Літаральна заўчора мне даслалі ўспаміны бацькі пра расстралянага дзеда. Наш сайт дапамагае зрабіць гісторыю дасягальнай для іншых зацікаўленых асобаў. Апроч таго, крыніцы гэтых гісторый з’яўляюцца розныя публікацыі, якія знаходзяцца ў інтэрнэце або ў кнігах, дзе ўзгадваюцца гісторыі рэпрэсаваных. Да таго ж розныя гісторыі былі надрукаваныя ў газетах канца 80-х, пачатку 90-х гадоў. Гэта таксама багатая крыніца, адкуль я чэрпаў вельмі шмат гісторый, у якіх узгадваюцца прозвішчы, абставіны. Быў такі артыкул „Уся мая рэпрэсаваная вуліца”. Гэта вуліца Варашылава ў Воршы, адкуль у 1937-38 забралі хіба каля 30-ці чалавек. Сярод іх былі мае сваякі, амаль усе яны былі расстраляныя.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Сёння „Госцем Рацыі” быў даследчык сталінскіх рэпрэсій на Аршаншчыне Ігар Станкевіч.
Беларускае Радыё Рацыя