Ігар Варашкевіч: З нас хацелі зрабіць польскі гурт



Лідар гурту «Крама» Ігар Варашкевіч рыхтуецца адсвяткаваць уласнае 55-годдзе. Наконадні свята з жывым класікам белроку сустрэўся наш карэспандэнт Стас Дэдэрка. Сярод іншага Варашкевіч прызнаўся ў любові да Польшчы і нават распавёў, што «Крама» магла стаць польскім гуртом.

Ігар Варашкевіч: Ёсць шмат беларускамоўных гуртоў, якія проста рускі рок на беларускай мове. Гэта слухаць немагчыма. У мяне ёсць свая гісторыя – любоў да Польшчы, бабуля мая пастаўская полька, да польскай музыкі, я нахіляўся больш у той бок. Хаця я разумею, што беларус – гэта беларус, а паляк – гэта паляк.

РР: Вы грамадзянін Рэчы Паспалітай.

 Ігар Варашкевіч: Ну так. Калі тут лічаць, што братэрскі народ – гэта рускія, то для мяне – гэта палякі. Мне бліжэй да Беластоку даехаць, чым да Масквы.

 РР: Увогуле мне заўсёды цікавіла: чаму ў вашага пакалення такая асаблівая прыязнасць была да польскага року?

 Ігар Варашкевіч: Я пачаў слухаць палякаў яшчэ ў школе – у 70-ыя гады. Я слухаў Brekaut. Калі я вярнуўся з войска, то і пачалося ўсё адразу – Maanam, Lady Pank, Wanda i Banda, Lombard, якому зараз забаранілі канцэрт граць у Гародні. Там шмат было –  Oddział Zamknięty…

 РР: Адкуль крыніца была, адкуль гэта ўсё ішло да вас?

Ігар Варашкевіч: Я ўсё слухаў увогуле па радыё.

РР: У Баранавічах гэта ўсё лавілася?

 Ігар Варашкевіч: Так. Памятаю і блюзавыя перадачы.

 РР: Атрымоўваецца, што гэта адрознівала беларускі рок ад таго ж піцерскага, свярдлоўскага року?

 Ігар Варашкевіч: Так. Нас таму асабліва і не разумелі, таму што кірунак у нас быў у польскі бок.

 РР: А з Польшчай увогуле шмат чаго звязана?

 Ігар Варашкевіч: Ну так. Мы сябравалі з пальскім гуртом BBK. Пачалі ездзіць туды, у тым ліку разам на канцэрты. У асноўным каля Любліна. У 1996 годзе ў Любліне пачалі запісваць польскія версіі сваіх песень. Затым нешта не атрымалася. Пасварыліся. Хацелі з нас зрабіць польскі гурт, накштал „Джэму”. Калі я пачаў спяваць, то было чутна, што беларускі акцэнт.

 РР: А засталіся гэтыя запісы?

 Ігар Варашкевіч: Не. Трэкі скінуў наш гукач Клаўс на звычайную касету. Але гэтая касета недзе знікла. Напэўна, проста згубілася.

 РР: А хто перакладаў на польскую мову тэксты песень?

 Ігар Варашкевіч: Польскі гурт.

 РР: Як вы плануеце святкаваць такую прыгожую дату – 55?

 Ігар Варашкевіч: Я насамрэч нічога не планаваў, таму што дастаткова падазрона адношуся да юбілеяў. Яны даволі часта сканчаюцца не вельмі добра. І вось 50-годдзе я не святкаваў. Гэта быў звычайны дзень народзінаў. А тут Віталь Супрановіч прапанаваў зрабіць канцэрт. І я толькі з-за гэтага згадзіўся.

 РР: Менавіта 15 жніўня.

 Ігар Варашкевіч: Не, 30-га. 15, я думаю, чалавек 10 выйдзе ў яблыневы сад. Але калі такая спёка будзе, то я магу і ўвагуле нічога не рабіць.

 РР: А канцэрт – дзе, калі?

 Ігар Варашкевіч: Канцэрт 30 жніўня ў рэстарацыя «Пивоварня Друзья».

Дадамо, што апошні рэліз з удзелам Ігара Варашкевіча – гэта кружэлка “АБ-БА Аркестру”. Тры песні Ігара разам з аўтарам выконвае дзіцячы хор – навучэнцы пачатковае школы №4 у Беластоку. Чым не прыклад народнага прызнання?

Гутарыў Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Поўная гутарка ў гукавым фармаце