Ігар Варашкевіч: Магчыма ў наступным годзе будзе новы альбом
Рок-гурт “Крама” ў 2017 годзе можа парадаваць сваіх аматараў новым альбомам. Пра гэта распавёў лідар гурта Ігар Варашкевіч падчас выступу ў Гомелі з акустычнай праграмай. Для музыкі галоўным вынікам 2016-га году стаўся юбілей “Крамы”, які адзначылі вялікім канцэртам у Prime Hall у Беларусі. А вось з “чорных спісаў” гурт выключылі пару год таму, гаворыць Ігар Варашкевіч.
– Мы даўно дазволеныя. Справа ў тым, што Вольскі не захацеў быць дазволеным. Вайцюшкевіч па сённяшні дзень забаронены. Як у каго склалася сітуацыя. Гэта было нефармальна. Мне перадалі, што забарону можна зняць. Кажу: хочаце, здымайце, мне ўсё роўна, што так, што так. Сёлета мы святкавалі 25-годдзе. Гэта для нас вынік. І прэзентавалі песню «Стэфка праз 30 год». Вось тое, што мы зрабілі ў гэтым годзе.
Беларускі рок-гурт “Крама” быў заснаваны ў 1991 годзе. За гісторыю свайго існавання гурт выпусціў 8 альбомаў.
Беларускае Радыё Рацыя