Ігнат Буйніцкі ў Варшаве



22 жніўня спаўняецца 160 гадоў з дня нараджэння беларускага акцёра, рэжысёра, тэатральнага дзеяча, заснавальніка нацыянальнага прафесійнага тэатра Ігната Буйніцкага (1861-1917).

1913 год. Студэнты-беларусы Варшаўскага ўніверсітэта запрасілі да сябе ў госці Першую беларускую трупу Ігната Буйніцкага. Сам Ігнат Буйніцкі і яго калектыў у той час ужо быў вядомы на Беларусі. Рэпертуар гэтага нацыянальнага прафесійнага беларускага тэатра складаўся з песен, танцаў і пастановак п’ес. Ён у першую чаргу меў разлік на масавага беларускага гледача і ўлічваў іх інтарэсы і патрабаванні. Але царскія ўлады непрыхільна ставіліся да паказу са сцэны твораў на беларускай мове, асабліва на вострыя сацыяльныя тэмы, яны нярэдка забаранялі выступленні. Тым не менш, калектыў Ігната Буйніцкага з вялікім поспехам выступаў у Дзісне, Паставах, Полацку, Слуцку, Нясвіжы, Клецку, Ляхавічах, Свянцянах, Менску і ў іншых гарадах і мястэчках. Тройчы ён быў у Пецярбургу, дзе паказваў сваё майстэрства перад беларускай моладдзю.

Напачатку ХХ стагоддзя пра паспяховыя выступленні трупы Ігната Буйніцкага добра ведалі і беларусы Варшавы. Праз рэктара Варшаўскага універсітэта Яўхіма Карскага яны загадзя, за некалькі гадоў, дамовіліся, што зімой 1913 года беларусаў Варшавы пацешыць першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. Яўхім Карскі тады ўжо не займаў пасаду рэктара універсітэта, але арганізаваць сустрэчу дапамагаў. Асабліва рупілася яго жонка Соф’я Мікалаеўна Карская. Дарэчы, родам яна была з-пад Саколкі. Спадарыня Карская разам з беларускімі жанчынамі Варшавы актыўна займалася прыгатаваннем беларускіх страў і пачастункаў, а таксама афармленнем залы, дзе павінен быў выступаць калектыў Ігната Буйніцкага.

Але працэс падрыхтоўкі гастроляў нашага вялікага заснавальніка тэатра ў Варшаву быў няпросты. Хоць большая частка студэнтаў шчыра хацела правесці выступленні беларускіх артыстаў на вышэйшым узроўні, былі ж і такія, хто не вельмі цікавіўся і жадаў, каб развівалася беларуская культура, нацыянальнае адраджэнне беларусаў. Гэтыя супярэчнасці паміж рознымі студэнтамі і выкладчыкамі прывялі да таго, што ўскладнілася справа з друкаваннем тых самых афіш аб вечарыне і гастролях Ігната Буйніцкага, а таксама з іх распаўсюджваннем.

20 лютага 1913 года газета “Наша ніва” паведамляла, што “афішаў на беларускай мове мы не бачылі на вечарынцы, хоць яны і былі надрукаваныя. “Беларускі каляндар” і “Крапіва” прадаваліся, але другія кніжкі ляжалі ў куточку прыкрытыя. Меліся на гэты вечар выдрукаваць аднаднёўку на беларускай мове, а выдалі па-расейску і толькі на канцы памясцілі крыху беларускіх жартаў”.

Ігнат Буйніцкі ў Варшаву прыехаў са сваёй старэйшай дачкой — даволі таленавітай спявачкай і танцоркай. Яны прывезлі з сабой скрыпача, старэчу-дудара, цымбаліста і іншых музыкаў і танцораў. У вялікім багажы Буйніцкіх аказалася шмат беларускіх нацыянальных касцюмаў для артыстаў, рушнікоў і дываноў для дэкарацый. 

У першыя дні прыезду ў Варшаву, Ігнат Буйніцкі не сядзеў без спраў. Ён натхнёна рыхтаваўся да выступлення. З асяроддзя беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў, майстра сцэнічнага мастацтва згуртаваў хор і танцавальны калектыў. Штодзень праводзіў з імі рэпетыцыі, гутарыў, адказваў на пытанні і пытаўся ў студэнтаў, як ім вучыцца і жывецца ў Варшаве. 

Вечарына адбылася 15 лютага ў зале “Швейцарская даліна”. Зала была падчас выступлення далёка не швейцарскай, а беларускай. Яе аформілі з беларускім густам. Там былі хаткі са студнямі, снапкі, кветкі, рушнікі і паясы. Арганізавалі таксама беларускую кухню, сябры якой частавалі прысутных беларускімі стравамі, такімі як верашчака з грэчневымі блінамі, каўбасамі, калдунамі, квасам і г.д. Студэнты і просты люд стравы расхапілі імгненна.

Мастацкая частка вечара была надзвычай удалай і багатай. Шматлікі хор выканаў лепшыя беларускія песні. А танцы былі пастаўлены вышэй усякай пахвалы. Некаторыя нумары праграмы выконваў сам Ігнат Буйніцкі. Дэкламатары чыталі лепшыя вершы беларускіх паэтаў. Са сваімі творамі выступаў і паэт Гальяш Леўчык, які тады жыў і працаваў у Варшаве. Больш падрабязна пра гэта напісала “Наша ніва” 20 лютага 1913 года: “… На сцэне мы бачылі і чулі беларушчыну. Хор са студэнтаў і курсістак нязгорш прапяяў беларускія песні “А хто там ідзе?”, “Дуду-весялуху”, “Чаму ж мне не пець” пад загадам студэнта М. Тэадаровіча, катораму належыць падзяка за рупнасць і працу; за такі кароткі час навучыць хор трэба было натугі. Малады спасобны хлопец, вучанік штукарскай школы ў Варшаве, Павел Гуткоўскі з пачуццём дэкламаваў “Абразкі” Пётры Простага, шкода толькі, што трохі заціха, не ўсе чулі, але на “біс” ужо казаў галасней творы А.Паўловіча і “Важную хвігу” Ядвігіна Ш… Найбольш падабаліся публіцы нашы народныя танцы пад загадам штукара-танцора Ігната Буйніцкага. Яго трупа на шэсць пар танцораў пад музыку сялян, што з ім разам прыехалі: дудара, скрыпача і цымбаліста, проста зрабіла на публіку захват і дзіва, бо хто ж калі там бачыў народныя беларускія танцы “Лявоніха”, “Мельнік”, “Верабей”, “Юрка”, “Мяцеліца”. Відаць было з гэтага ігрышча, што беларус, ці ён праваслаўны, ці католік, адчувае глыбока ўсё сваё роднае. Відаць гэта было і з таго, як прашчаліся студэнты з Буйніцкім на вакзале, і з той прамовы, якую сказаў адзін студэнт пры прашчанні. Шчырая падзяка належыць студэнту Грыгору Гуткоўскаму, бо каб не ён, то саўсім не было б нават надрукаванай праграмы па-беларуску”.

Аўтар гэтай інфармацыі крыху памыліўся. Бо тады ў Варшаве вучыліся два браты Гуткоўскія — Павел і Мікалай. Былі яны родам са Случчыны. Павел вучыўся ў Варшаўскай мастацкай школе, а Мікалай Гуткоўскі — на юрыдычным факультэце Варшаўскага універсітэта. Магчыма, гэта быў не Рыгор Гуткоўскі, а Павел Гуткоўскі. Бо Мікалай Гуткоўскі ў 1913 годзе, калі прыязджаў Ігнат Буйніцкі ў Варшаву, працаваў ужо служачым, а Варшаўскі універсітэт ён скончыў на год раней. Праўда, на канцэрце Буйніцкага ён таксама прысутнічаў. Пазней браты Гуткоўскія былі рэпрасаваныя. Мікалая расстралялі ў 1938 годзе, а Павел адбыўшы тэрмін вярнуўся на Бацькаўшчыну, дзе памёр у 1962 годзе.

Вечарына Ігната Буйніцкага ў Варшаве мела непаўторны поспех. З асаблівым зацікаўленнем і шчыра выступленні бларускіх артыстаў прыняла і польская публіка Варшавы. На другі дзень амаль усе польскія газеты Варшавы надрукавалі на сваіх старонках пахвальныя і станоўчыя рэцэнзіі, у якіх падкрэслівалася выдатнае мастацкае і грамадскае значэнне вечарыны.

Уладзімір Няфёд у сваёй кнізе “Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра” (Мн., 1991. С.88) пісаў: “Поспех Ігната Буйніцкага ў Варшаве яшчэ раз наглядна сведчыць як аб высокім узроўні яго мастацтва, так і аб вялікім значэнні, якое яно мела ў нацыянальным адраджэнні беларусаў”.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара