Ігнат Карповіч прэзентуе беларускамоўнае выданне рамана „Сонька”



23 лістапада а 19-ай гадзіне ў  кнігарні “Сон Гогаля” (вул. Леніна, 15) у рамках цыкла “МЕСЯЦ ПОЛЬСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ” адбудзецца прэзентацыя беларускамоўнага перакладу рамана знакамітага польскага пісьменніка Ігната Карповіча “СОНЬКА”.

Раман выйшаў у выдавецтве “Логвінаў” пры падтрымцы Інстытута кнігі (Кракаў).

У прэзентацыі беларускага выдання прымуць удзел: аўтар кнігі Ігнат Карповіч і перакладчыца Марыя Мартысевіч. Мадэратарам імпрэзы выступіць паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Ігнат Карповіч (польск. Ignacy Karpowicz)  — адзін з найяскравейшых сучасных польскіх пісьменнікаў. Нарадзіўся ў 1976 годзе ў вёсцы Случанка на Беласточчыне. Выпускнік Варшаўскага ўніверсітэта, спецыяліст па іберыстыцы і афрыканістыцы. Аўтар васьмі раманаў, чатыры з якіх уваходзілі ў шорт-ліст галоўнай літаратурнай прэміі Польшчы “Nike”. У 2010 годзе атрымаў прэстыжную прэмію часопіса “Палітыка” за раман “Баладыны і рамансы” (польск. “Balladyny i romanse”). Перакладае мастацкую літаратуру з англійскай, іспанскай і амхарскай моваў.

Ігнат Карповіч належыць да беларускай меншасці Польшчы. Таму яго героі гавораць і па-беларуску таксама.

Апублікаваны ў 2014 годзе раман “Сонька” сягае карэннямі рэальных падзей. Пра жанчыну з ваколіцаў Гарадка, якая ў вайну закахалася ў немца, расказаў Карповічу яго родны дзядзька па кудзелі — знакаміты польскі мастак беларускага паходжання Лявон Тарасэвіч.

Першапачаткова Ігнат Карповіч хацеў сустрэцца з прататыпам галоўнай гераіні  (тады жанчына была яшчэ жывая), але так і не наважыўся. Праца над раманам расцягнулася на сем гадоў.

У выніку ў тэксце магічна-містэрыяльным чынам пераплятаюцца некалькі сюжэтных ліній, часоў і моў. Другая сусветная вайна дабіраецца да Беласточчыны, паміж непісьменнай сялянкай Сонькай і афіцэрам “SS” нараджаецца каханне, а праз гады яе гісторыю слухае і хоча перастварыць на сцэне модны тэатральны рэжысёр са сталіцы.

“Сонька” стала ў Польшчы сапраўднай літаратурнай сенсацыяй. У гэтай кнізе сустракаюцца мінулае і цяпершчына, жыццё і смерць, каханне і нянавісць. Раман “Сонька” перакладзены на венгерскую, літоўскую, нямецкую, рускую, украінскую мовы. Паводле рамана быў пастаўлены спектакль на падмостках Драматычнага тэатра імя Аляксандра Венгеркі ў Беластоку з удзелам беларускіх акцёраў Святланы Анікей (Сонька) і Аляксандра Малчанава (Міша) у рэжысуры Агнешкі Карыткоўскай-Мазур, а таксама створаны аўдыяспектакль, які гучаў на хвалях “Польскага радыё Беласток”. У 2015 годзе раман “Сонька” быў намінаваны на літаратурную прэмію “Nike”.

УВАХОД ВОЛЬНЫ

Паводле прэс-рэлізу