Гурт ILO & friends адзначыць сваё 10-годдзе канцэртам



У межах цыклу мерапрыемстваў “Усходнія кліматы” ў сераду ў клубе „Фама” ў Беластоку выступіць гурт ILO & friends. Ініцыятары мерапрыемства – студэнты з усходу, якія ў цяперашні час вучацца ва ўніверсітэтах Беластока, а падтрымлівае ініцыятыву фундацыя “Вакно на Усход”:

– У траўні споўнілася 10 гадоў нашай творчай працы. Пры нагодзе хочам у час гэтага канцэрта падзякаваць усім, хто прычыніўся да таго, што нашая праца ўвесь час развіваецца, і ў нас надалей застаецца патрэба выступаць і ўвогуле сустракацца як гурт ILO & friends. Таксама пакажам, што апошнім часе адбываецца ў гурце ў музычным плане. І перадусім тое, што ўвойдзе ў наш трэці сольны альбом.

Выступ гурта ILO & friends адбудзецца 17 чэрвеня, а 20.30 у музычным клубе „Фама”. Музыкі абяцаюць прыгожы гук, доўгія песні і бязмежную жывую музыку.

Мілана Верасьнёва, Беларускае Радыё Рацыя