Imagine Dragons на беларускай мове ад Navi
Гурт Navi запісаў беларускую вэрсію песьні «Radioactive» амэрыканцаў Imagine Dragons. Асноўную частку беларускага тэкста папулярнага гіта, які атрымаў «Грэмі 2014», стварыла менская школьніца Алена Койстра.
Алене 16 год, яна навучаецца ў 11 класе СШ № 30 Менску. Дзяўчына зьяўляецца прыхільніцай Imagine Dragons з 2013 году. Яе варыянт перакладу быў абраны са 130 работ, якія даслалі фэны гурта на абвешчаны арганізатарамі конкурс беларускіх перакладаў. У якасьці прызу яна сустрэнецца з музыкамі Imagine Dragons у Менску ў дзень канцэрта.
Абраць пераможцу і запісаць кавэр арганізатары канцэрта папрасілі менскі гурт Navi. «Мы абралі варыянт Алены, бо ён добра пасаваў да музыкі. Да таго ж яна лепш за іншых патрапіла ў эмоцыю песні, у настрой. Натуральна, што мы нешта паправілі і дапрацавалі, але агулам яна зрабіла выдатную працу», – кажа вакаліст гурта Арцём Лук’яненка.
Спасылку на відэа арганізатары менскага канцэрта ўжо адаслалі ў ЗША мэнэджмэнту гурта. Imagine Dragons выступяць у «Чыжоўцы-Арэна» 22 студзеня.