Імгненні памяці. Яўген Шатохін
Як хутка мінае час, і вось ужо дзявятая гадавіна смерці знакавай постаці грамадска-культурнага жыцця краіны. Нездарма кажуць, што мастак памірае як чалавек, але як творчая асоба жыве вечна разам са сваімі працамі.
Яўген Сяргеевіч Шатохін (25 лютага 1947 – 22 студзеня 2012) – беларускі мастак-графік, педагог, грамадска-палітычны дзеяч. Адзін са стваральнікаў і першы дырэктар дзіцячай школы выяўленчага мастацтва ў Пінску (цяпер школа мае імя Напалеона Орды). У 1990-99 гадах дэпутат Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў – старшыня камісіі па культуры, справах рэлігіі і спорту. З’яўляўся яскравым прадстаўніком Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ “Адраджэнне”.
З моманту стварэння ў 1991 годзе Беларускага саюза мастакоў уваходзіў у склад кіраўніцтва арганізацыі. Працы Шатохіна, якія перадаюць прыгажосць родных мясцін, адлюстроўваюць гістарычнае мінулае Беларусі, знаёмяць з унікальнасцю тутэйшай архітэктуры і побытам людзей, захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях Францыі, ЗША, Бельгіі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, Украіны і Расеі. Важнае, сярод шэрагу прызнанняў: званне “Ганаровы грамадзянін горада Альбер” (Францыя), медаль горада Перона (Францыя), ганаровая грамата Саюзу мастакоў Расеі ды медаль Беларускага саюзу мастакоў “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”.
У маі 2018 года Гуманітарна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Садружнасць Палесся” прапанавала ўладам Пінска і мясцоваму Савету дэпутатаў надаць імя Яўгена Шатохіна гарадской мастацкай школе, акурат да 30 годдзя з моманту ўтварэння ўстановы. Ініцыятыва не атрымала падтрымку чыноўнікаў, бо нібы мастак не заслужыў.
Беларускае Радыё Рацыя прысвяціла не адзіны артыкул гэтай светлай постаці. У матэрыялах: “Гісторыя да Дня ведаў. Школа Шатохіна”, “Пінск-1990: галасую за Беларусь!” ды “Пінская мастацкая школа Шатохіна” – шмат цікавостак з жыцця і дзейнасці мастака. Сёння ж, з нагоды дзявятай гадавіны дня смерці, прыгадалася некалькі здымкаў, большасць з якіх ніколі не публікаваліся. Дзесьці за год да сыходу, мастак асабіста перадаў іх для прыватнага архіва аўтару гэтых радкоў. Узгадаем тыя імгненні…
Першы здымак зроблены ў 2010 годзе, а другі ў 1988 годзе.
Ад многіх паплечнікаў Шатохіна, пры ўзгадцы ягонага імя, магчыма пачуць “мастак і капітан”. Сапраўды, тэма мора, карабельная справа – было важнай часткай яго жыцця. Ён шмат гадоў пражыў у далёкіх краях Расеі, сярод вялікай вады… Тут дарэчы прыгадаць словы пісьменніка Паўла Ляхновіча: “…Закахаўся ў той край, у тыя выспы, штормы, мужных і простых людзей, у пах прасмоленых канапляных тросаў, водарасцяў і плаўніку ля марскіх берагоў, моцнага расолу ў сямужных бочках. Але не-не ды і выглянуць праз гэтае замілаванне Беламор’ем знаёмыя Палескія матывы. Бо — Бацькаўшчына. Хто мае вочы — убачыць…”.
Легендарны шатохінскі “Сакавік”. Менавіта на ім мастак вяртаўся з далечы на Радзіму.
“…капітан Шатохін сваім ходам дабраўся з Вялікага Усцюга, што на Валагодчыне, да Пінску. Не менш за 4 тысячы кіламетраў прайшоў рэкамі і азёрамі — праз Архангельск, Салаўкі, Беламор-канал, Анегу, Выцегру, Чарапавец, Рыбінск…”, – пісала ў свой час “Савецкая Беларусь”
Верасень 1977 года, Яўген Шатохін ідзе па Белым моры.
Адназначна, што прыйдзе час, калі даследчыкі жыцця і творчасці Шатохіна асобкам выдзеляць перыяд прыбывання мастака на Поўначы Расеі. “…Яго вабілі марскія падарожжы і нечаканыя сустрэчы. Тыя гады сталі школай жыцця і школай мастацтва. На паперы ажывалі паўночныя вёскі, у якіх яму даводзілася прыпыняцца падчас падарожжаў, людзі гэтай зямлі, іх простае, але годнае жыццё. Графічныя лісты Яўгена Шатохіна выстаўляліся ў Маскве, адзначаліся ў друку. У іх была свая прыцягальная сіла: суровая прырода краю ўзбуджала магутныя вобразы, у якіх была завостраная кантраснасць і тэматычная дакладнасць”, – адзначыла мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч.
“Чарнобыльскі Шлях-2001” у Пінску, акцыя гарадской суполкі КХП-БНФ “Адраджэнне”, у цэнтры падзеі “Сакавік”.
Не аднойчы Шатохін хадзіў па Прыпяці і Піне пад бел-чырвона-белым сцягам. Прыгадалася, як з-за гэтага ў жніўні 2009 года мастак трапіў у камічную сітуацыю. Тады ён знаходзіўся ў творчай вандроўцы каля Петрыкава (Гомельская вобласць). Калі судна падышло да берагу, на прычале з’явілася восем міліцыянтаў, якім не спадабаўся бел-чырвона-белы вымпел, і яны патрабавалі яго зняць. Але мастак патлумачыў, што гэта асабісты знак уладальніка судна і яму падабаецца менавіта такая расфарбоўка, таму “выбачайце!”
Ліпень 2011 года, вёска Пінкавічы, Шатохін фатаграфуе буслоў каля Свята-Пакроўскай царквы.
Ён заўжды быў у пошуку тэмаў, сюжэтаў для працы. Рабіў накіды, а ўжо ў майстэрні іх сканчаў.
Лістапад 2008 года, адкрыццё персанальнай выставы мастака “Мая і Твая Беларусь” у Нью-Ёрку.
Дарэчы, Зянон Пазняк падкрэсліў здольнасці Шатохіна да сапраўднага фотамастацтва. “…шмат здымаў для свайго творчага задавальненьня, не прэтэндуючы ні на якія паказы і экспазыцыі. Ён здымаў для сябе, ня росьцячы ніякіх прэтэнзіяў. Мне ўдалося праглядзець каля сотні ягоных фатаграфіяў, і там я знайшоў шмат таго, што ў тэму „добрая фатаграфія” наўпрост трапляе. Сюжэты ягонага аб’ектыва – краявіды Беларусі, віды гарадоў, вёсак, пабудоваў, дарог, неба і рэк – словам, культурны і прыродны вобраз Айчыны. Як мастак, ён добра валодаў прасторавай кампазыцыяй, адчуваў мастацкі падтэкст фатаграфічных дэталяў і, што істотна, умеў заўважыць настрой рэчаіснасьці і перадаць, выявіць яго ў сваёй фота-карціне, адчыніць другі плян выявы цераз тонкае пачуцьцё, што наводзіць на раздумленьне”, – з кнігі Пазняка “Добрая фатаграфія”.
Ліпень 2011 года, Пінск. Яўген Шатохін разам з вядомым пінскім краязнаўцам Эдвардам Злобіным.
Тады на горад абрынулася сапраўдная стыхія – такой залевы Пінск не зведваў даўно. Мастак з будынку выскачыў на вуліцу, каб назіраць за непагаддзю, адчуць атмасферу стыхіі. Усё гэта было патрэбна для вобразаў, ужо ў думках мастак бачыў сюжэты будучых твораў. Нешта паспеў накідаць, але скончыць не давялося…
Спякотнае лета 2010 года.
“Пра графіка Яўгена Шатохіна цяжка распавесці. Гэта як пераказ у прозе вершаў. Яго творы трэба бачыць, і мець пры тым лірычны настрой у душы, і тады трапяткія лініі загамоняць, у павучынні найтанчэйшай тканіны зазіхаціць вясёлка. Вось вам і звычайны аловак!…”, – водгук з 1990 года.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя