Імпрэза да 160-годдзя Браніслава Эпімах-Шыпілы



У мястэчку Ветрына пад Полацкам 6 жніўня адмысловай імпрэзай адзначаць 160-годдзе славутага беларускага этнографа, фалькларыста, літаратуразнаўца, выдаўца – Браніслава Эпімах-Шыпілы. У ветрынскай школе адбудзецца вечарына з удзелам полацкага літаратурнага аб’яднання „Наддзвінне”.

Кіраўнік літаб’яднання Валянціна Сопікава паведаміла, што „наддзвінцы” падрыхтавалі адмысловую праграму пра славутага земляка.

– Нас запрасілі з адмысловым канцэртам, можна сказаць літаратурным, прыехаць у Ветрынскую школу. Многа ведаем, шануем гэтага земляка. Помнік яму ў Залессі ўстанавіў наш „наддзвінец” Віктар Карасёў, ён таксама там будзе ўдзельнічаць са сваім уступным словам. Таксама там, у школе, размешчаны і музей Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы.

Браніслаў Эпімах-Шыпіла нарадзіўся 16 верасня 1859 года ў фальварку Судзіловічы Лепельскага павету. Але неўзабаве пасля яго нараджэння сям’я пераехала ў фальварак Залессе побач з Полацкам, які і лічыцца малой радзімай асветніка.

Браніслаў Эпімах-Шыпіла перадусім вядомы як укладальнік, рэдактар і выдавец першай кнігі Янкі Купалы „Жалейка” і заснавальнік выдавецкай суполкі «Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ».

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя