Імпрэзы да юбілею Манюшкі ў Менску
У менскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) прайшоў сумесны канцэрт музыкаў з Беларусі і Літвы „Родны Менск, любая Вільня”. У камернай залі з аншлагам выступілі беларускія спевакі і музыкі Юрый Гарадзецкі, Віктар Кісцень, Аляксей Фралоў, музычная капэла Cantus Alba Rutheniae Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а таксама літоўскія калегі: арганістка Юргіта Казакевічутэ, спявачкі Аста Крыкшчунайтэ і Рыта Навікайтэ.
Пра мэты канцэрта і ўласныя ўлюбёныя творы Манюшкі расказвае непасрэдны арганізатар і выступоўца мерапрыемства, кіраўнік ансамбля «Вытокі» Аляксей Фралоў:
– Мы зрабілі вельмі шмат праграм менавіта беларуска-польскіх, польска-беларускіх, што цалкам зразумела і цалкам натуральна, і не патрабуе тлумачэнняў. Але вось такога ракурсу тэмы, як беларуска-літоўскі кантэкст культурны, сучасны, і наш погляд на Манюшку сёння, адсюль і адтуль – гэта, я б сказаў, вельмі цікава і ў навінку, калі не сказаць наватарскі.
19 верасня ўсе ахвочыя запрашаюцца а 14-й гадзіне ў «Дом масонаў» – Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Там распачнецца круглы стол, на якім будуць абмеркаваны праблемы захавання спадчыны кампазітара Станіслава Манюшкі ў юбілейныя 200-я ўгодкі ягонага нараджэння. Акрамя гэтага госці змогуць азнаёміцца з выставай работ юных мастакоў арт-цэнтра „Вулей” са Смілавічаў, прысвечанай памяці кампазітара.
Беларускае Радыё Рацыя