Імёны сёлетніх лаўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця абвесцяць у Гданьску



25 лістапада 2023 года ў Гданьску ў славутым Двары Артуса (Dwór Artusa, Długi Targ 43-44) а 19:00 будуць агучаны вынікі конкурсу і адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця.

Журы вызначыць тры найлепшыя кнігі, напісаныя ў жанры мастацкай або дакументальнай прозы і выдадзеныя ў 2022 годзе. Усе трое пераможцаў атрымаюць узнагароды.

На цырымоніі ўзнагароджання выступіць гурт «Relikt», які спалучае ў сваёй творчасці сучасныя музычныя плыні з глыбінным беларускім фальклорам.

Таксама 25 лістапада ў Гданьскай філіі (Filia Gdańska, Mariacka 42) перад узнагароджаннем можна будзе наведаць дзве літаратурныя сустрэчы — прэзентацыю кнігі «Алесь Бяляцкі» і сустрэчу з Евай Вежнавец.

Уваход на імпрэзы вольны з абавязковай папярэдняй рэгістрацыяй на сайце Беларускага культурнага таварыства «Хатка». Рэгістрацыя тут.