Інстытут мовазнаўства НАНБ адкрывае курсы беларускай мовы
Савет маладых навукоўцаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрывае бясплатныя курсы беларускай мовы ў навуковай сферы, паведаміла БелаПАН старшыня савета Святлана Ліпніцкая.
„Курсы арганізаваныя ў першую чаргу для маладых навукоўцаў акадэміі навук, — адзначыла яна. — Каб зацікавіць іх, папярэдне плануецца зладзіць чатыры заняткі рознага фармату, напрыклад лекцыі, прысвечаныя навуковаму тэксту, культуры маўлення. <…> Гэта будуць лекцыі, заняткі ў фармаце дыялогу, пытанняў і адказаў, практычных заданняў для слухачоў”.
„Калі мы ўбачым, што нашы слухачы зацікавіліся, калі яны папросяць яшчэ, то мы тады, магчыма, арганізуем больш шырокі курс. Усё адбываецца менавіта так, таму што курс ладзіцца на бясплатнай аснове, у тым ліку для тых, хто чытае лекцыі”, — дадала старшыня савета.
Паводле яе слоў, курсы будуць праводзіць як маладыя навукоўцы, так і знаныя мовазнаўцы. Заняткі будуць праходзіць раз на тыдзень па серадах. Першая лекцыя адбудзецца 21 лістапада і будзе прысвечаная пытанням беларускай тэрміналогіі. На гэты момант запісалася дзесяць чалавек, набор адкрыты.
„Гэта першая спроба арганізаваць курсы беларускай мовы для навукоўцаў, бо летась у нашым інстытуце на працягу чатырох месяцаў праходзілі курсы адукацыйна-навуковага фармату агулам для ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай. Тады ў нас сфармавалася група каля 30 чалавек”, — паведаміла Ліпніцкая.
belapan.by