Іркуцк – наш!



Сярод заганаў, якія закідаюць беларусам замежжа – адсутнасць салідарнасці, няўменне аб’ядноўвацца, а таксама абыякавасць да сваёй культуры і роднай мовы.

Беларусы Іркуцка бліскуча абвяргаюць такое сцвярджэнне!

Калі з’явіліся першыя беларусы ў Сібіры? Хто заснаваў горад Краснаярск? На якой мове і пагэтуль размаўляюць у вёсках пад Іркуцкам? Ці дапамагаць сібірскім беларусам афіцыйны Менск? Як іркуцкія беларусы адстаялі права на свой нацыянальны сцяг?

04_Irkuck

З Алегам Рудаковым, заснавальнікам Іркуцкага таварыства беларускай культуры і сябрам маладзёвага клуба “Крывічы”, пагутарыў наш карэспандэнт Марцін Война.

РР: Іркуцк – вельмі і вельмі далёкі ад Беларусі горад. Раскажыце, адкуль у Сібіры столькі беларусаў?

Алег Рудакоў: У Сібіры беларусы з’явіліся разам з першапраходцамі. Калі адбываліся войны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім, у Масковіі былі і нашыя палонныя. Гэтым палонным прапаноўвалі ісці разам з казакамі засвайваць Сібір. Некаторыя беларусы пагаджаліся. Некаторыя нават даслужваліся да высокіх пасад. Напрыклад – смаленскі шляхціч Дубына, які заснаваў горад Краснаярск. Што тычыцца Іркуцкай губерні, то первае вядомае беларускае паселішча – вёска Літвінцава, якая ўзнікла усярэдзіне ХVІІ стагоддзя непадалёк ад Усць-Ілімскага астрога, цяпер гэта горад Усць-Ілімск. Таксама багата беларусаў ссылалі ў Сібір пасля паўстання 1863-64 гг.

РР: Але ці не найбольшае перасяленне беларусаў – “сталыпінская рэформа” пачатку ХХ стагоддзя?

Алег Рудакоў: Так. Паводле архіўных дадзеных, толькі ў Іркуцкую губерню перасялілася 300 000 беларусаў. Між іншым, з Расеі перасяленцаў было вельмі мала, і яны называліся тут “чалдонамі”.

РР: Як зарганізаваныя беларусы Іркуцка?

Алег Рудакоў: У Іркуцкай вобласці цяпер існуе цэлых тры самастойных беларускіх аб’яднання. Пачынаўся гэты рух з маёй ініцыятывы. 31 траўня 1996 года мы правялі першы з’езд беларусаў Прыбайкалля. Тады і ўзнікла Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Потым узнікла нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Чэрамхова”, якая аб’ядноўвае беларусаў Чарамхоўскга раёна Іркуцкай вобласці, а таксама маладзёвы клуб “Крывічы”.

02_Irkuck

РР: Што яднае іркуцкіх беларусаў, акрамя паходжання?

Алег Рудакоў: Калі мы сабраліся ўпершыню, было бачна, што нехта – дэмакратычных поглядаў, нехта – наадварот, нехта нават манархічных ці камуністычных. Трэба было знайсці нешта такое, што нас аб’ядноўвае. А аб’ядноўвае нас, найперш, народнай традыцыя, бо ўсе, скажам, памяталі, як праводзіцца Купалле. І беларусы-праваслаўныя, і беларусы-католікі – усе адразу згадвалі, што Купалле для Беларусі – гэта самае нашае! Другое, што нас вельмі аб’ядноўвае – беларуская мова. Тутэйшыя беларусы вельмі чулліва ставяцца да беларускай мовы. І нават сантыментальна. Калі я пачынаю з кімсьці размаўляць – “ат, бульбачкі зараз засмажым, ат, гарэлачкі паставім!” – усе адразу гэтыя словы выклікалі настальгію.

Перш за ўсё мы распачалі ладзіць беларускія святы: “Купалле”, “Дзяды”, “Дажынкі”, “Каляды”, “Грамніцы”, “Гуканне вясны”. І гэтая традыцыя правядзення беларускіх абрадавых святаў у Іркуцку вельмі моцна пашыраная. Калі, напрыклад, на самае першае Купалле ў 1996 годзе толькі каля пяцідзесяці чалавек, то сёлета толькі на тое Купалле, якое ладзіў маладзёвы клуб “Крывічы” і я асабіста, прыйшло больш за чатыраста чалавек. І гэта без уліку тых Купалляў, якія ладзіліся іншымі беларускімі арганізацыямі!

Калі мы пачалі ладзіць народныя святы, то задумаліся: дык нам жа трэба нашыя песні, аўтэнтычныя і старажытныя. Так у нас узнікла секцыя аўтэнтычных народных спеваў. У гэты гурт уваходзіць шмат людзей, і мужчын, і дзяўчат, і хлапцоў, і ўсе спяваць так, як спявалі нашыя продкі.  Мы ездзім па вёсках, якія былі ўтвораныя беларускімі перасяленцамі і дбайна ўсё запісваем…

РР: Няўжо ў вёсках пад Іркуцкам захаваліся аўтэнтычная беларускускія спевы і традыцыі?

Алег Рудакоў: Так, усё выдатна захавалася! Мы прыяжджаем у вёскі, размаўляем са старажыламі, якія, праўда, ужо нарадзіліся ў Сібіры, але ж яны перанялі ад сваіх бацькоў усе нашыя старажытныя спевы. Тут вельмі шмат глухіх вёсак, шмат немаладых людзей. Калі прыяжджаю ў такія вёскі і пачынаю апытваць насельнікаў, мне кажуць: “А там і там жыве бабулька, яна зусім старая, яна нават у школу не хадзіла!” То я адказваю: “Вось менавіта такая нам і патрэбная! Чым менш яна хадзіла ў школу, тым яна менш зрусіфікаваная і тым больш выхоўвалася на традыцыях бацькоў!..”

03_Irkuck

РР: А іркуцкія беларусы ведаюць родную мову?

Алег Рудакоў: Безумоўна, так. Напрыклад, актыў, які складае маладзёвы клуб “Крывічы” – гэта нашчадкі тых перасяленцаў-беларусаў, якія нарадзіліся ў Сібіры, прытым нашчадкі ў трэцім, чацьвертым і нават у пятым пакаленні. Яны ўсе хадзілі ў расейскія школы, дзе некаторым нават “выпраўлялі” гаворку з той, што была прынята ў іх сем’ях. Але, прыходзячы да нас, усе яны вывучалі беларускую мову. У нас тут праходзіў цэлы шэраг курсаў беларускай мовы, і курсы такія будуць праходзіць і надалей. У Іркуцку ёсць нямала людзей, якія нарадзіліся ў Сібіры, але валодаюць беларускай мовай не горш, чым беларусы ў Беларусі. Увогуле, на ўсіх нашых мерапрыемствах мы пераважна выкарыстоўваем родную мову.

РР: Ці дапамагае іркуцкім беларусам афіцыйны Менск?

Алег Рудакоў: Не, не дапамагаюць. Увогуле, у Расеі нядаўна прыняты закон “Аб іншаземных агентах”, і калі б нам дапамагалі з Беларусі, нас бы маглі ў такія “іншаземныя агенты” запісаць.

PP: Колькі гадоў таму ў іркуцкіх беларусаў была праблема з выкарыстоўваннем бел-чырвона-белага сцяга…

Алег Рудакоў: Для іркуцкіх беларусаў вельмі істотна, што нашы сімвалы – “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг. Калі ў 2012 годзе нам спрабавалі інкрымінаваць “экстрымізм”, то былі пытанні і пра гэты сцяг. Некаторыя вельмі “дасведчаныя” следчыя нават спрабавалі давесці, што бел-чырвона-белы сцяг насамрэч – “польскі”. Але ж мы здолелі адстаяць свае правы!

01_Irkuck

 Святкаванне ў Іркуцку “Дня Расеі”

Колькі цяпер пражывае беларусаў у Іркуцку, дакладна невядома. Некаторыя даследчыкі называюць мінімальную лічбу ў 50 тысяч чалавек, а некаторыя сцвярджаюць, што кожны трэці жыхар Іркуцкай вобласці мае беларускія карані.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фотаздымкі з архіва Алега Рудакова