Ірына Дубянецкая: Біблія чакае перакладу на жывую сучасную беларускую мову
Чатыры гады назад на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Коўне ўтварылася працоўная група па навуковым перакладзе Бібліі на сучасную беларускую мову – непасрэдна з моваў арыгіналу – габрэйскай і грэцкай. Група навукоўцаў і даследчыкаў, у якую ўваходзяць прафесар Ірына Дубянецкая, перакладчык Сяргей Шупа і іншыя, працуе пераважна завочна (бо ўдзельнікі жывуць у розных краінах), а збіраецца штогод у Коўне. Сёлетні Кангрэс быў апошнім перад юбілеем пяцісотгоддзя выдання Бібліі Францыскам Скарынай. Доктар філасофіі і тэалогіі Ірына Дубянецкая расказвае пра працу групы і важныя рашэнні, якія былі прынятыя.
Ірына Дубянецкая:
– У наступным годзе будзе надзвычай яркая, унікальная для ўсяго свету падзея – 500-годдзе перакладу Бібліі на нацыянальную мову. Беларусы тады амаль першыя ў свеце пачалі пераклад Бібліі, але ў XXI стагоддзе прыйшлі апошнія, гэта апошняя тытульная сучасная мова, на якую няма навуковага перакладу, перакладу з арыгінальных моваў на жывую літаратурную мову з улікам усіх сучасных стандартаў біблеістыкі.
Перакладаў было сапраўды многа цягам XX стагоддзя, можа за паўсотні розных спробаў было зроблена, у тым ліку тры поўныя Бібліі. Але ўсе пераклады, якія рабіліся, альбо толькі фрагментарныя, гэта толькі нейкая частка Бібліі, альбо тая мова, на якую яны перакладзены, абсалютна неўжывальная цяпер, альбо яны робяцца з вельмі слабых тэкстуальных крыніц, альбо яны разыходзяцца з сучаснымі прынцыпамі біблеістыкі.
РР: – Раскажыце, калі ласка, чым вы займаецеся на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі?
– Гэта пяты год, пяты Кангрэс, калі адбываецца секцыя «Беларуская Біблія. Праблемы і перспектывы навуковага перакладу на беларускую мову». Першыя тры Кангрэсы мы чыталі даклады, мы вызначалі канцэпцыю перакладу. Але ўжо другі год асноўная праца секцыі – гэта праца з перакладамі, наўпроставая непасрэдная праца па перакладзе, тое, што мы пакуль умоўна называем «Новая Беларуская Біблія».
Што вельмі важна, што менавіта на ковенскім Кангрэсе ў 2012-ым годзе ўпершыню ўтварылася група людзей, якія і могуць, і кваліфікаваныя, і хочуць рабіць гэты пераклад.
РР: – Які склад працоўнай групы?
– Гэта больш за дзесяць чалавек: чатыры гебраісты, чатыры эліністы (часам гэта супадае, адзін чалавек і тое, і другое), тры літаратары, два дактары навук, два дактары біблеістыкі. Вельмі часта задаюць канфесійнае пытанне, дык тут адразу трэба сказаць, што гэта ўсе. Усе канфесіі, якія ў Беларусі ёсць, у нашай групе прадстаўленыя.
Як вельмі часта наракаюць людзі, якія маюць дачыненне да гэтых перакладаў, што ўтвараецца нешта накшталт «беларускай праваслаўнай мовы», «беларускай каталіцкай мовы». Канешне, гэтага трэба пазбегнуць, трэба каб была проста беларуская мова, і каб была агульнабеларуская Біблія. Гэта шок для ўсяго свету, калі мы гаворым, што беларусы не могуць нават разам сказаць імя Хрыста, што ў нас існуе некалькі варыянтаў, як мінімум тры: ёсць Іісус, Езус, Ісус.
РР: – Выбар у бок якой лексікі робіце вы ў вашым перакладзе Бібліі?
– Гэта вельмі вялікае пытанне, мы яго абмяркоўваем.
РР: – Ну ўсё ж такі як будуць гучаць у вашым перакладзе Бібліі імя Спасіцеля і, напрыклад, імя Хрысціцеля?
– Гэта будзе тое, што найбольш ужываецца ў беларускай традыцыі, і ў старажытнай богаслужэбнай традыцыі, і ў літаратуры, – гэта менавіта варыянты Ісус і Ян.
А вось, напрыклад, Лука ці Лукаш, – мы яшчэ спрачаемся, бо ёсць аргументы і на карысць Лукі, і на карысць Лукаша. Хаця, канешне, паглядзіце на беларускую анамастыку, на беларускія імёны. Усе прозвішчаўтваральныя мадэлі ад варыянта Лукаш ёсць: у нас ёсць Лукашук, Лукашанец, Лукашэнка, Лукашэўскі, Лукашык і гэтак далей. Усе мадэлі ўтварэння ад Лукаша ёсць. Але ў варыянта Лука ёсць свае аргументы. І таму сапраўды гэта павінна быць узважана, разважана і каб мы сапраўды маглі патлумачыць свае выбары.
РР: – Ці зможа поўны, цэльны пераклад Бібліі на беларускую мову зараз стаць такім штуршком у адраджэнні і развіцці беларускай мовы, беларускамоўнай культуры, як гэта было з іншымі культурамі ў ранейшыя стагоддзі?
– Цяпер гэта цяжка сказаць. У XXI стагоддзі ўсё памянялася і значэнне Бібліі ў чалавечым жыцці ўжо іншае. Пераклад можа стаць сапраўды вельмі важным фактарам для большага зацікаўлення беларускасцю, беларускай культураю, беларускай моваю і пэўным чынам кансалідаваць беларускую мову, якая ў нас цяпер усё жтакі не кансалідаваная.
РР: – Скажыце, калі ласка, якая частка перакладу ўжо гатовая?
– Зараз паралельна робіцца, – то бок яшчэ ў працэсе, але будзе скончана ў больш-менш аглядальнай, бліжэйшай будучыні, – прыкладна 4-5 кніг з сямідзесяці трох кніг Бібліі.
РР: – А вы маглі б расказаць, выданне якой кнігі рыхтуецца на наступны год?
– Мы хочам зрабіць узоры перакладаў некалькіх біблійных жанраў са Старога і Новага Запаветаў. Максімум тры фрагменты вялікія. Але самае галоўнае, гэта даць да іх каментары, і што тычыцца характару самога тэксту, і што тычыцца складанасцяў у тэксце, і складанасцяў перакладчыцкіх.
РР: – Калі дакладна выйдзе гэтая кніжка?
– Мы спадзяемся зрабіць гэта ў 2017-ым годзе, канешне, дэдлайнам сабе ставім 6-га жніўня (дзень выдання Бібліі Скарыны), але тут ужо як Бог дасць.
РР: – Гэтую кніжку будзе лёгка чытаць ці складана?
– Яе будзе лёгка чытаць.
РР: – Ці на вашу думку, выданне кнігі, якая будзе фрагментам перакладу Бібліі, дапаможа ў прыцягненні ўвагі і арганізацыі цалкавітага перакладу Бібліі?
– Вельмі на гэта спадзяюся. І спадзяюся, што будзе зацікаўленне і жаданне гэтую Біблію мець, і тады будзе і маральная падтрымка, і, магчыма, інтэлектуальная падтрымка…
РР: – А фінансавая?
– Гэта было б ідэальна, каб была і фінансавая, а дакладней, матэрыяльная. Не толькі фінансавая, гэта матэрыяльная, таму што гэта ўвогуле інфраструктура, гэта сучасныя праграмы кампутарныя, гэта шмат што.
Але гэта будзе толькі ў тым выпадку, калі сапраўды гэты пераклад зацікавіць, і калі будзе відаць, што ён патрэбны.
Ірына Дубянецкая зазначыла, што выдаць цалкам пераклад Бібліі ў наступным годзе нерэальна, гэтая праца ва ўсіх народаў займае шмат гадоў і мусіць быць якасная. На мінулым Кангрэсе ў Коўне прынята рашэнне, што ў кнігу, якая выйдзе да Скарынаўскага юбілею, увойдзе пераклад трох фрагментаў – «Песні песняў», першыя чатыры раздзелы «Кнігі Роду», таксама вядомай як «Быццё», а з Новага Запавету – «Дабравесце паводле Яна». У каментарах да тэксту будзе патлумачана ў тым ліку тое, якія складанасці выклікае пераклад, якія супярэчнасці ёсць між рознымі варыянтамі перакладу.
Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя