Ірына Новік: „Гарадзенкі” выйшлі ў свет
У Гародні выйшла з друку кніга „Гарадзенкі”, стваральніцай якой з’яўляецца гарадзенская журналістка, рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік.
Па словах Ірыны Новік, гэта кніга зроблена ў арыгінальным фармаце – алігат.
– Нашу кніжку можна перакуліць дагары нагамі, павярнуць на 180 у прасторы і гэта будзе ўжо новая кніжка. Адна палова называецца „Гарадзенкі. Жаночы след у гісторыі Гродна”. А калі перакуліць наадварот, то „Гарадзенкі. Жаночыя гісторыі сучаснай Гародні”. То бок, як пясочны гадзіннік перакульваецца і час цячэ ў абодва бакі, так і жаночыя гісторыі Гародні, як у мінулым, можна знайсці нейкія натхняльныя прыклады для сучасніц, так і сучасніцы ў нечым паўтараюць і працягваюць, развіваюць ідэі прапанаваныя жанчынамі раней.
Яна ўпэўнена, што вобразы сучасніц, якія ёсць у кнізе будуць для гарадзенцаў вельмі вядомымі:
– Калі паглядзець на вокладку, то тут можна нават пазнаць гэтых жанчын. Дзяўчына з вокладкі – гэта Воля Вялічка. Яна дырэктарка хоспісу. Побач з ёй фотаздымкі Валянціны Шобы, вядомай і вельмі крутой мастачкі. Побач Анжэліка Борыс, каторая палітык можна сказаць. І архітэктарка Алена Шчасная, якая ратуе гістарычную архітэктуру Гародні. Але гэта канешне не ўсе гераіні.
Ірына Новік спадзяецца, што прэзентацыя кнігі адбудзецца ў Гародні ў бліжэйшы час, а замовіць кнігу можна ў рэдакцыі партала Hrodna.life, дзякуючы якому з’явілася кніга.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня