Ірына Жарнасек: Мы любілі Беларусь і ўсе былі аднадумцамі



Ірына Жарнасек належыць да той кагорты пісьменнікаў Полаччыны, якія зрабілі сапраўдны літаратурны прарыў напрыканцы 80-х гадоў. У той час на Полачыне сяброў Саюза пісьменнікаў было больш, чым у любым абласным цэнтры Беларусі. Сярод іх такія імёны як Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Сяржук Сокалаў-Воюш, Вінцэсь Мудроў, Якуб Лапатка і многія іншыя.

11041655

Алесь Аркуш пагутарыў з Ірынай Жарнасек пра „залаты час” літаратурнай Полаччыны.

Ірына Жарнасек: Літаратура да мяне прыйшла на Полаччыне, але дзіцячыя мары з’явіліся на Глыбоччыне, на маёй малой радзіме. Нарадзіліся – там, рэалізаваліся – тут. Так атрымалася. Бо пачала я пісаць у сталым узросце.

РР: А якога першага пісьменніка ты пабачыла на ўласныя вочы – жывога, рэальнага?

Ірына Жарнасек: Гэта быў Юрась Касцюк, калі я паслала сваё першае апавяданне ў гарадскую газету “Хімік”. Я вырашыла, што дашлю свой твор поштай, а не панясу сама ў рэдакцыю. Я баялася сваёй недасканаласці, і ўвогуле баялася гэтых пісьменнікаў, яны здаваліся мне нейкімі “марсіянамі”. І таму я паслала. І мне прыйшоў адказ, таксама па пошце. Касцюк у ім пісаў: прыйдзіце да нас, гэта не так далёка ад вас. А я жыла на Блахіна, амаль што насупраць рэдакцыі “Хіміка”. Касцюк патлумачыў: трэба толькі перайсці трамвайныя шляхі. Я сабралася, перайшла праз шляхі і прыйшла. І так мы пазнаёміліся з Касцюком. Мы дарэчы з ім землякі. Яго ведалі ў маёй школе, ён жа з Плісы. Вучыўся ў той самай школе, якую я сканчвала. Але я яго раней асабіста не ведала, у нас была істотная розніца ва ўзросце.

РР: Касцюк у той час як раз узначальваў літаратурнае аб’яднанне “Крыніцы”, якое працавала пры “Хіміку”.

Ірына Жарнасек: Так, гэта ён узначальваў. Уладзімір Арлоў яшчэ быў таксама пачатковец. Праўда, тады ён ужо працаваў у “Хіміку”. Арлоў перашоў у рэдакцыю са школы, дзе настаўнічаў пасля БДУ. І тады я пазнаёмілася з Арловым. Але ў той час ён яшчэ не быў пісьменнікам. Мы зрэшчы аднагодкі і пачыналі разам. А Касцюк быў намеснікам галоўнага рэдактара гарадской газеты. Гэта ўжо “шышка”. (смяецца)

РР: А адкуль тады ўзяліся гэтыя ўсе пісьменнікі, якія праявілі сябе на Полаччыне напрыканцы 80-х? Як яны нараджаліся? Прыйшлі ў “Крыніцы” і там сфармаваліся?

Ірына Жарнасек: Ну так. Я калі прыйшла ў “Крыніцы”, літаб’яднанне ўжо працяглы час існавала. Хадзілі на яго і мясцовыя паэты-рабочыя – Шаўкун, Старынскі. Старажылы. Мы глядзелі на іх з павагай. У той час, калі я прыйшла, не магу сказаць, што “Крыніцы” былі шматлікімі.

РР: А вось цікава. Газета “Хімік” была расейскамоўнай. Горад Наваполацак таксама не быў пранізаны беларускай культурай, нейкай уласнай мясцовай традыцыяй. Быў хутчэй інтэрнацыянальным, бо сюды з’ехаліся людзі на новабудоўлі з усяго Саюза. А вось літаб’яднанне было пераважна беларускамоўным.

Ірына Жарнасек: Так, канешне, беларускамоўным. Я нават і не ведаю, як гэта патлумачыць. Дарэчы, я пачынала адразу пісаць па-беларуску. А так многія перастройваліся. І той самы Касцюк перастройваўся. І многія іншыя. Хіба толькі Мудроў і Арлоў яшчэ таксама пачалі пісаць адразу па-беларуску. Як гэта патлумачыць? Але што тут тлумачыць. Мы любілі Беларусь, і гэта было аднадумства, сапраўднае, у вышэйшым сэнсе гэтага слова. Таму гэта было неяк натуральна.

10455692

РР: Я думаю, што чалавечы фактар таксама адыйграў сваю ролю. Усё ж такі Юрась Касцюк быў чалавекам беларускацэнтрычным. І гэта бачна, калі пачытаеш ягоную прозу, ягоныя нарысы. І калі згадаеш гісторыю яго жыцця. Гэта быў чалавек адданы роднай мове, беларушчыне.

Ірына Жарнасек: Абсалютна. Я нават не памятаю, каб ён недзе гаварыў па-расейску.

РР: Але ён займаў і адміністрацыйныя пасады, скончыў вышэйшую партыйную школу.

Ірына Жарнасек: Гэта ўжо потым было, пасля таго, як я прыйшла на “Крыніцы”, калі ён пайшоў у партыйную школу. Не ведаю, чаго яго туды пацягнула, але, я думаю, яна яго не сапсавала, хаця б таму, што ягоныя перакананні абсалютна засталіся. Праз нейкі час ён зноў вярнуўся ў журналістыку.

РР: А вось калі казаць пра “залаты час” літаратурнага аб’яднання “Крыніцы” і літаратуры Полаччыны, то калі гэта было, у які час?

Ірына Жарнасек: Тут цяжка вызначыць. Але я думаю тады, калі ў полацкіх літаратараў пачалі з’яўляцца першыя кнігі. Першай, відаць, была кніга Арлова “Добры дзень, мая шыпшына”, якая так хораша была прынятая. Неўзабаве выйшла і мая першая кніга.

РР: Затым проста “пасыпалася”, выйшлі кнігі ў Неўдаха, Барэйшы, Мудрова, Лявона Баршчэўскага, Якуба Лапаткі… А затым і першы зборнік Сержука Сокалава-Воюша.

Ірына Жарнасек: О, пра Сержука Сокалава-Воюша асобная гісторыя. Я памятаю, калі Сяргей Сокалаў прыйшоў на “Крыніцы” то ён сказаў: я на этом вашем языке никогда разговаривать не буду и писать тем более. Было такое. Але вельмі хутка ён пачаў і размаўляць, і пісаць. Вельмі хутка. Перабудаваўся адназначна. Прычым цалкам, з галавой.

РР: А ці не ўзнікала жаданне напісаць нейкі мастацкі твор пра тыя часы, такі нон-фікшн, пра сяброў, пра той час?

Ірына Жарнасек: Нас так шмат было, калі мы ўсе напішам. А ўвогуле цікава было б параўнаць, калі б мы ўсе напісалі і затым параўналі, як хто каго ўспрымаў.

РР: Проста я думаю, што ўжо вырасла цэлае пакаленне ў Полацку-Наваполацку, якое ніколі не чула пра той літаратурны бум, мясцовы літаратурны развой. Я думаю, было б карысна ім распавесці.

Ірына Жарнасек: Магчыма. Але для гэтага трэба нейкае натхненне. Хто ведае, да каго яно прыйдзе. Думаю, што такое напэўна ўзнікне. Але хто гэта зробіць? Не ведаю.

Гутарыў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя