„Італьянскія гісторыі” ў Гародні



У будынку харальнай сінагогі ў Гародні адкрылася выстава пад назвай „Італьянскія гісторыі”.

Аўтарка выставы гарадзенская мастачка Улада Шамава, якая ўжо пэўны час жыве ў Чэхіі:

– Заўсёды, калі вандрую, а вандрую шмат, то нешта малюю. Звычайна скетчбукі – гэта А5, нейкая графіка хуткая. Тут я вырашыла, што ў мяне жадання і часу больш, вырашыла крыху большы фармат і нейкія больш завершаныя творы, каб можна было іх выстаўляць, а не проста скетчбук. Хадзіла з акварэллю, малявала літаральна на вуліцах, то бок пленэр гэта называецца, знаёмілася з людзьмі. Мы пасябравалі з усімі, потым я зрабіла з імі фотаздымкі, падаравала ім працы на выставе, там адкрыла выставу, мэр мяне прадстаўляў.

Мастацтвазнаўца Наталля Паўленка лічыць, што яе навука падштурхнула да станаўлення Улады Шамавай як мастачкі:

– Калі ёй было 12-13 гадоў, дзяўчынка не ведала чым яна хоча займацца, гледзячы на яе працы я сказала: „Пайдзі ў мастацкую школу, там цябе навучаць”. Вось тое, што мы бачым, гэта канешне вельмі добрая акадэмічная школа, якая мае падставы нарадзіцца ў Гародні. У нас мастацкая школа на самой справе з вельмі прафесійнымі мастакамі дае вось гэту адукацыю. Я бачу, што яна развіваецца далей.

Паглядзець працы можна цягам бліжэйшых некалькі тыдняў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня