Іван Казленка: Жадаючы адысці ад Расеі, мы паўтараем іх памылкі



Украінскі кінематограф, як, зрэшты, і беларускі, перажывае не лепшыя часы. Фінансаванне кінавытворчасці штогод памяншаецца. Цікаўнасць да мастацкага «поўнага метру» няўхільна зніжаецца, бо шірокую публіку больш вабяць камерцыйныя серыялы. Як вынік – людзі, якія маглі б падымаць нацыянальнае кіно, з’язджаюць за мяжу…

Які кінематограф можна назваць нацыянальным? Што агульнага ў беларускага і ўкраінскага кіно? Ці можа быць у кінавытворчасці нейкае фінансаванне, алтэрнатыўнае дзяржаўнаму? Ці здымаецца нешта ва Украіне ва ўмовах вайны?

З Іванам Казленкам, Генеральным дырэктарам Нацыянальнага кінацэнтра ім. Аляксандра Даўжэнкі, гутарыў наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

РР: Якія, на ваш погляд, крытэрыі нацыянальнага кінематографа? Гэта геаграфія кінавытворчасці, ці нацыянальная прыналежнасць акцёраў, аператара і рэжысёра, ці, можа быць, мова фільма?

Іван Казленка: За савецкім часам нацыянальны кінематограф ствараўся ва ўмовах татальный цэнзуры, то бок эстэтычнага і тэматычнага дыктату, мы не маем права звужваць украінскае нацыянальнае кіно толькі да нейкай ментальнай вобразнай сістэмы. Кіра Муратава – гэта ўкраінскае кіно ці не ўкраінскае? Ці, напрыклад, Раман Балаян? Гэтыя людзі самаідэнтыфікуюцца, як украінскія рэжысёры…

РР: Ці існуе нейкі ўкраінскі кінематографічны канон, а як так, то які ён?

Іван Казленка: Цягам астатніх дваццаці гадоў ва ўкраінскім кінематографе створаны канон, які базуецца на так званым “паэтычным кіно”. Гэта школа, якая ўтварылася вакол Параджанава яшчэ ў шасцідзесятыя гады. Гэта кіно, якое выкарыстоўвае нацыянальную вобразную сістэму і ўкраінскую мову, стварыла, так бы мовіць, “нішавае кіно”. За часамі СССР цэнзура дазваляла займацца “этнічным кампанентам” культуры. Паралельна існавала кіно, якой займалася сучаснымі тэмамі. Калі мы пакінем ва ўкраінскім кінематографе толькі “паэтычнае кіно”, то мы будзем змушаны свядома адмовіцца ад гістарычнай самаідэнтыфікацыі праз уласнуў мінуўшчыну. Мы не пабачым, як людзі жылі ў гарадах, мы не дазнаемся пра іх сістэму каштоўнасцяў. А пра ўсё гэта акурат можна дазнацца не з “паэтычнага кіно”, а, гэтак мовіць, з “мейстрымавага”…

РР: То бок, напрыклад, масквіч Уладзімір Корш-Саблін, аўтар агітацыйнай кінастужкі “У агне народжаны” – гэта беларускі рэжысёр?

Іван Казленка: Як на мой капыл, “У агне народжаны” – фактычна аналаг украінскай “Звенігары”, то бок, фільм, з якога ва ўкраінскім кінематографе распачынаецца наш нацыянальны кінематограф. Мне здаецца, што з “У агні народжанага” распачынаецца ваш беларускі кінематограф. Гэта фільм, які звяртаецца да нацыянальна-гістарычнага тэмату і спрабуе асэнсаваць вялікі прамежак часу.

РР: Ва Украіне цяпер вайна. Ці здымаецца што-небудзь?

Іван Казленка: Ва ўкраінскім кінематографе склалася вельмі цікавая сітуацыя. Цягам апошніх гадоў нацыянальнае кіно даволі сур’ёзна фінансавалася з дзяржаўнага бюджэту. У такой сістэме народжвалася так званае “аўтарскае кіно”. Цяпер, праўда, гэтае фінансаванне значна пагоршылася. Але ж адразу знайшліся альтэрнатыўныя крыніцы: гранты, прыватныя фонды, бізнэсовыя ініцыятывы…

РР: Мы ўсе, хочам таго ці не, выйшлі з савецкага кінамастацтва. Сучасны ўкраінскі кінематограф, як і раней, знаходзіцца ў эстэтычных схемах “саўка”?

Іван Казленка: Мы назіраем вельмі цікавую сітуацыю. Нават фільмы, якія прэтэндуюць на тое, каб называцца “нацыянальнымі”, а я бы назваў – “якія паразытуюць на патрыятычным тэмаце”, – яны ў сваім жаданні стварыць ідэалогію сучаснай Украіны настолькі зблізіліся эстэтычна і тэматычна з савецкім агітацыйным кіно, што гэта ў пэўнай ступені стала парадоксам. Прагнучы стварыць новага ўкраінскага героя новыя кінарэжысёры стварылі таго ж савецкага персанажа, толькі пераапранутага ва ўкраінскі нацыянальны строй…

РР: Іншым разам складаецца ўражанне, што ўкраінскія майстры культуры бачаць у Расеі ворага ці, у лепшым разе, канкурэнта. Можа, прасцей іх ігнараваць?

Іван Казленка: Паколькі мы пагэтуль самаідэнтыфікуемся ў катэгорыях ці постсавецкіх, ці “калярасейскіх”, мы бачым у Расеі суперніка ці канкурэнта, а не ў Польшчы ці ў Чэхіі, што было б для нас куды больш прадуктыўна. Пакуль мы будзем азірацца на СССР ці Расею, мы і будзем асуджаныя на падобныя парафразы. Гэта і ёсць праява нашай каланіяльнай мінуўшчыны: жадаючы адыйсці ад Расеі, мы паўтараем іх памылкі. Гэта і ёсць сутнасць нашага посткаланіяльнага цяперашняга…

Кіеўская кінастудыя імя Аляксандра Даўжэнкі была створаная ў 1927 годзе. У розныя часы тут працавалі Дзіга Вертаў, Аляксандр Даўжэнка, Марк Данской, Леанід Быкаў, Іван Мікалайчук ды іншыя сусветнавядомыя майстры.

Гутарыў Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя