Іван Кірчук упершыню завітаў у Гародню з монаспектаклем
Слухачы гарадзенскіх курсаў “Мова Нанова” сталі першымі, хто пачуў і пабачыў у Гародні монаспектакль пад назвай “Дарожка мая”. Дзея цягнулася амаль паўтары гадзіны і музыка падчас гэтага спектакля выкарыстаў некалькі дзясяткаў розных музычных інтрументаў.
Распавядае Іван Кірчук:
– Гэты спектакль быў паказаны мной шмат разоў за мяжой. Пачынаў я яго паказваць яшчэ ў Галандыі, але тады ён меў назву “Крыж”. На кожную аўдыторыю я маю свой сцэнар. Можа быць чатыры пляцоўкі – гэта Зямля, Вада, Агонь і Продкі. І на кожнай гэтай пляцоўцы гучаць і беларускія народныя інструменты, і тыя інструменты, якія набываліся ў экспедыцыях, фестывалях.
Падчас выступу Іван Кірчук перавасабляўся ў розныя вобразы і распавядаў розныя гісторыі, што здараліся з ім у шматлікіх экспедыцыях.
Хто будзе наступным выступоўцам на курсах – арганізатары “Мова Нанова Гародня” пакуль трымаюць у таямніцы.
Беларускае Радыё Рацыя