Іван Кірчук выступіў у Полацку з монаспектаклем „Дарожка мая…”



Полацкі музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я зрабіў цудоўны перадкалядны падарунак палачанам – запрасіў легендарнага лідара гурта „Троіца” Івана Кірчука з монаспектаклем „Дарожка мая…”.

dscn1529

Унікальная праграма створана па матэрыялах беларускага фальклору. Гэта сінтэз духоўнай і матэрыяльнай, абрадавай і магічнай, музычнай і песеннай спадчыны беларускай культуры.

Песні, якія прагучалі ў монаспектаклі, музыка размеркаваў на тры цыклы – „Зямля”, „Вада” і „Агонь”. Свой фальклорны скарб Іван Кірчук расшукаў падчас фальклорна-этнаграфічных экспедыцый па ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Музыка ў час выступу выкарыстоўваў розныя музычныя інструменты, у тым ліку і вельмі экзатычныя: беларускія смык і ліру, сібірскія гуслі і металічныя пласціны Сціва Хаббэка, чаны з Тыбета і Непала, разнастайныя дудкі, жалейкі, акарыны, маладзечанскі касцельны звон, нават простыя камяні і капыткі коз.

Напрыканцы свайго выступу Іван Кірчук заклікаў прысутных зрабіць этнаграфічныя экспедыцыі ў глыбіні сваёй сям’і, свайго роду. Бо беларускі этнаграфічны скарб павінен ашчадна захоўвацца і перадавацца нашчадкам.

[Not a valid template]

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Таццяны Козік