Іван Кірчук выступіў з каляднай праграмай у Глыбокім
Лідар этнакалектыва „Троіца” Іван Кірчук выступіў з каляднай праграмай у Глыбокім. Сустрэча ладзілася ў межах курсаў “Мова Нанова”.
У Глыбокае музыка і фалькларыст прывёз каля двух дзясяткаў народных музычных інструментаў, пад акампанемент якіх спяваў калядныя песні. А таксама паказаў батлейку пра цара Ірада.
Паводле Івана Кірчука, у гэтым месяцы ён наведаў аж 9 гарадоў, у тым ліку Шаркоўшчыну і Глыбокае.
– Зараз час калядных святаў, калядных вечароў, калядавання, батлейкі і гэтага карнавала, як я кажу, беларускага. Таму тое, што я мог узяць у валізку, і ліра – гэта тыя рэчы, з якімі я прыехаў, каб паказаць усю прыгажосць і мудрасць беларускага народа.
Як кажа Іван Кірчук, ён прывёз у Глыбокае музычныя інструменты, якія робяць беларускія майстры, з якімі ён сябруе па 25-30 год. Гучала і новая ліра Паўла Кораня. Таксама музыка граў на музычных інструментах з Малдовы, Украіны, Нямеччыны.
Напрыканцы імпрэзы Іван Кірчук прэзентаваў дыскі этнакалектыва “Троіца”.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя