Іван Насовіч – славуты лексікограф і фалькларыст



Цяжка пераацаніць значэнне Івана Насовіча (1788-1877) у гісторыі беларускай філалогіі, фалькларыстыкі і этнаграфіі. Ён займае пачэснае месца сярод выдатных дзеячаў культуры ХІХ стагоддзя. 7 кастрычніка Івану Насовічу спаўняецца 235 гадоў з дня нараджэння.

Навукова-даследчай дзейнасцю Іван Насовіч пачаў займацца ў 1844 годзе, маючы за плячыма вялікі жыццёвы досвед, дасканала вывучыўшы духоўнае багацце не толькі роднай яму Магілёўшчыны, але і Віленшчыны, Меншчыны, Аршаншчыны, дзе 30 гадоў настаўнічаў, выкладаючы рускую славеснасць і латынь, працуючы інспектарам, рэктарам духоўнага вучылішча, наглядчыкам, а пасля кіраўніком дваранскага вучылішча. Ён ведаў не толькі беларускую і рускую мовы, але авалодаў стараславянскай, лацінскай, грэчаскай, французскай, старажытна-яўрэйскай і польскай мовамі.

Выйшаўшы ў 1844 годзе ў адстаўку, Іван Насовіч пачаў папаўняць матэрыялы для слоўніка беларускай мовы. Дарэчы, у тыя часы, як пісаў Іван Насовіч ва “Успамінах майго жыцця”, па-беларуску размаўлялі чыноўнікі, настаўнікі, мясцовыя яўрэі, прадстаўнікі ўсіх саслоўяў. “Наогул усе мяшчане і рамеснікі гавораць па-беларуску, апрача асоб не беларускага паходжання. Аканомы ж і прыказчыкі, зразумела, з дробнай шляхты, абавязкова павінны з беларускімі мужычкамі размаўляць па-беларуску. Нават самі памешчыкі, асабліва беларускага паходжання, любяць паміж сабою гутарыць па-беларуску”.

У 1863 годзе рукапіс “Слоўніка беларускай мовы”, пасля 16-гадовай напружанай працы па яго складанні, быў пададзены ў Акадэмію навук. Рукапіс атрымаў высокую ацэнку (“як праца надзвычай важная”). Аўтару была прысуджана Дзямідаўская прэмія (714 рублёў), а ў 1870 годзе “Слоўнік…” выйшаў з друку (756 с.). Акадэмічнае выданне “Филологические записки” ацаніла гэты слоўнік як “помнік, які можа служыць найлепшым упрыгожаннем рускай вучонай літаратуры”. Між іншым, ёсць у гэтым слоўніку і назоўнік спадар , растлумачаны, аднак, толькі як “хозяин, глава семейства”.

“Слоўнік…”, будучы з’явай унікальнай, арыгінальнай і непаўторнай, засведчыў “стан і ўзровень развіцця беларускай мовы 1850-1860-х гадоў, данёс і перадаў нам яе лексічныя скарбы, фразеалагічнае і прыказкавае багацце, адлюстраваў у жывым слове глыбіню мыслення і светаразумення беларусаў як нацыі” (Міхась Суднік). Больш як стагоддзе ён нязменна служыў навуцы і стаў бібліяграфічнай рэдкасцю. Таму ў 1983 годзе выдавецтва “БелСЭ” перавыдала гэты “Слоўнік…” фотамеханічным спосабам.

Іван Насовіч

Другая праца Івана Насовіча істотная для беларускай філалогіі і фалькларыстыкі (дакладней, для парэміялогіі і парэміяграфіі), – “Зборнік беларускіх прыказак” (1874). Аўтар сціпла назваў яе зборнікам прыказак, а між тым гэта быў першы ў гісторыі ўсходне-славянскага мовазнаўства тлумачальны слоўнік прыказак.

Іван Насовіч – аўтар шмат якіх іншых прац. У 1853 годзе ён, па даручэнні Археаграфічнай камісіі і Аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства, пачаў ствараць гістарычны слоўнік на аснове пяцітомнага збору “Актаў… Заходняй Расіі”. У 1857 годзе рукапіс слоўніка (1110 старонак) пад назвай “Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з “Актаў, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі” быў завершаны і дасланы ў Імператарскую Акадэмію навук. У слоўніку растлумачана каля 13 тысяч слоў. Акадэмічная камісія высока ацаніла слоўнік, рэкамендавала яго да друку і прысудзіла Івану Насовічу Увараўскую прэмію – 1500 рублёў срэбрам. Аднак слоўнік так і застаўся ненадрукаваным.

Партрэт Івана Насовіча ў Чавускім краязнаўчым музеі

Варта звярнуць увагу яшчэ на адзін твор, напісаны, але не надрукаваны. Іван Насовіч ва “Успамінах майго жыцця” прыгадвае: калі ён упершыню глядзеў на свой толькі што выдадзены “Слоўнік беларускай мовы”, то ўбачыў, што, на жаль, замест ягонай вялікай прадмовы да “Слоўніка…”, якая каштавала яму “многіх бяссонных начэй на працягу цэлага года”, далі кароткую рэдакцыйную прадмову з некаторымі высновамі, супрацьлеглымі поглядам аўтара. Прыгадваецца, што ў ягонай прадмове даваліся, у прыватнасці, гістарычныя звесткі пра беларускую гаворку “як гаворку старажытнага племя крывічоў ад вярхоўя Заходняй Дзвіны, Дняпра і Волгі”, гаворку, сляды якой “і цяпер яшчэ відаць у Пскоўскай, Смаленскай і Цвярской губернях”.

Іван Насовіч напісаў і яшчэ некаторыя лінгвістычныя працы, а таксама апублікаваў шэраг фальклорных зборнікаў з беларускімі песнямі.

Слоўнік Івана Насовіча

За некалькі гадоў да адыходу ў іншы свет, Іван Насовіч напісаў “Успаміны майго жыцця” (935 рукапісных старонак). Рукапіс захоўваўся ў спадчыннікаў, якія жылі ў Паўночнай Асеціі, і ў пачатку 1950-х гадоў быў набыты акадэмічным Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа. А ўпершыню прыкладна палова гэтай мемуарнай працы надрукавана ў трох нумарах часопіса “Нёман” (1997, №№ 2-4).

Іван Насовіч быў знаёмы з заснавальнікам тэорыі заходнерусізму Каяловічам, які даказваў, што беларусы – гэта частка рускага народа, крыху апалячанага і акаталічанага, і патрабаваў прыняць меры, каб беларусы і ўкраінцы забылі свае мовы ды пачалі думаць і гаварыць толькі па-руску. Іван Насовіч піша, што ў 1864 годзе ён, “улічваючы параду прафесара Каяловіча, заняўся выпраўленнем беларускіх прыказак”. Можа, таму, напрыклад, прыказка “Татка, татка, лезе чорт у хатку! – Абы не маскаль”, пашыраная сярод беларусаў і ўкраінцаў, растлумачана, з улікам Каяловічавых парад, наступным чынам: “Крестьяне так смеются над шляхтами, боящимися русских хуже черта”. Але ж баяліся і слушна ацэньвалі маскалёў не толькі шляхціцы, а і ўвесь народ Вялікага Княства Літоўскага. Былі для гэтага і важкія падставы: за 300 каляндарных гадоў ХІV-ХVІІ стагоддзяў войны паміж Масковіяй і ВКЛ занялі 72 гады!

Шыльда ў Мсціславе

Беларускае Радыё Рацыя