Іван Стома: Я не стамляюся захапляцца гісторыяй роднага краю



Полаччына займела яшчэ аднаго літаратара. Выдавецкая ініцыятыва “Полацкае ляда” выдала першую кнігу Івана Стомы “Па жывых слядах даўно памерлых продкаў”.

 

Аўтар з чацвёртага класа захапіўся гісторыяй Полацка і пачаў свае ўласныя даследаванні. Пра іх вынікі ён і распавёў у кнізе.

– Было не тое, што пісаць прозу цяжка, а ўвогуле напісаць гэтую кнігу. Я быў настроены такім чынам, што сваю справу патрэбна рабіць ціхенька, не высоўвацца нікуды. Але я падумаў, што мой шлях атрымліваецца задужа паліраваным. То бок няма ў ім ніякіх паваротаў. І трэба неяк рухацца далей, трэба ўсё ж такі ў жыцці больш віраваць. І таму я вырашыў усё гэта выкласці ў кнізе. 

Іван Стома нарадзіўся ў 1992 годзе ў Наваполацку. Дзяцінства правёў часткова ў горадзе, часткова – у вёсцы Астравенец Ушацкага раёну. Пасля школы працаваў грузчыкам, сацпрацаўніком, натуршчыкам у Полацкім універсітэце. Ужо ў старэйшых клясах меў энцыклапедычныя веды па гісторыі роднага краю. І не дзіўна, што так рана набыты жыццёвы досвед запатрабаваў мастацкага асэнсавання.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара