Івану Вярбіцкаму з Карэліч – 85
У Карэлічах на Гарадзеншчыне жыве цікавы чалавек. Ён шмат ужо пажыў, пабачыў, перажыў. Завуць яго — Іван Вярбіцкі. 8 студзеня спадару Івану спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння. Нягледзячы на свой сталы ўзрост, спадар Вярбіцкі поўны сіл, натхнення і творчых задумак. Хаця ўсё жыццё ён, як кажуць у народзе, не пакідаў пяра: піша вершы, апавяданні, нарысы пра людзей і сваю родную Карэліччыну.
Іван Вярбіцкі задумаў серыю гісторыка-краязнаўчых кніг пра свой Карэліцкі раён. Ён піша і выдае асобныя выданні пра гаспадаркі, прадпрыемствы, навучальныя ўстановы свайго раёна. І піша ён па-свойму змястоўна, грунтоўна, паказваючы гістарычны шлях развіцця таго ці іншага прадпрыемства, гаспадаркі, лёсы людзей, якія там працавалі, іх справы, дапаўняючы лічбамі, фактамі, здымкамі. Атрымліваецца, дарэчы, вельмі цікава.
Мне здаецца, Іван Вярбіцкі — гэта адзіны чалавек у Беларусі, які так дасканала даследуе сваю мясцовасць, сваю маленькую радзіму, дзе ўсё жыццё пражыў, адпрацаваў.
“Я нарадзіўся 8 студзеня 1931 года ў вёсцы Куравічы на Наваградчыне. Наша вёска знаходзілася там, дзе канчаецца Наваградскае ўзвышша і пачынаецца Прынёманская нізіна. Калі зойдзеш на вяршыню мясцовай Маленскай гары, то ў пагодны дзень убачыш палоску нёманскай вады. Пасучы кароў, я заўсёды насіў з сабой кніжку і чытаў. Сястра Соня з 1946 года вучылася ў Наваградскай сярэдняй школе і адтуль яна прывозіла мне кнігі. Я іх чытаў і знаёміўся з рускай, польскай класікай, з беларускай літаратурай. Хутка і сам пачаў пісаць вершы. Залазіў на гарышча і пісаў пра вясну, пра вецер, пра дождж. А калі я вучыўся ў Наваградскім педвучылішчы, мясцовая раёнка 5 снежня 1948 года апублікавала мой першы верш. Потым мяне забралі ў войска, служыў у Расеі ў Забайкаллі. Закончыў вучылішча пасля войска. Стаў працаваць настаўнікам. Яшчэ скончыў гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Ажаніўся. Жонка ўсё жыццё працавала настаўніцай роднай мовы і літаратуры, а я працаваў і настаўнікам, і дырэктарам школы, і ў аддзеле адукацыі райвыканкама, але ніколі не пакідаў пісаць вершы, апавяданні, нарысы, займаўся краязнаўствам.
Аднойчы я сустрэўся са старшынёй гаспадаркі “Лукі-Агра” Карэліцкага раёна Мікалаем Гавінай. І кажу яму: давайце напішам пра вашу гаспадарку кніжку для гісторыі нашым нашчадкам. І спадар Мікалай пагадзіўся. І я пачаў працаваць. Кніга напісалася хутка і выйшла з друку ў Слонімскай друкарні пад назвай “Луцкі мерыдыян”, – распавёў нашаму карэспандэнту Іван Вярбіцкі.
Пра гісторыю Карэліцкага племзавода ён напісаў і выдаў кнігу “Шырокае поле здзяйснення”, потым – кнігу для школьнікаў “Край Карэліцкі мой”, было яшчэ выданне — “У сэрцы з клятвай Гіпакрата” – пра гісторыю мясцовай медыцыны і кніга “Ад мінуўшчыны – дарогай…”, прысвечаная гісторыі саміх Карэлічаў.
Акрамя краязнаўства, Іван Вярбіцкі яшчэ піша вершы. Ён выдаў некалькі зборнікаў паэтычных твораў. Вось такі цікавы чалавек жыве ў Карэлічах і адзначае сваё 85-годдзе.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Карэлічы
Фота аўтара