Як у Полацку бурылі Мікалаеўскі сабор
Касцёл святога Стэфана (Мікалаеўскі сабор), які быў узведзены ў Полацку пры езуіцкім калегіуме ў 40-я гады XVIII стагоддзя, на доўгі час стаў галоўнай архітэктурнай дамінантай цэнтра горада. У 60-я гады ХХ стагоддзя СССР накрыла чарговая хваля барацьбы з рэлігіяй. Яе ахвярай стаў і сабор, які перажыў дзве сусветныя вайны. Знішчэнне храма адбылося 9 або 11 студзеня 1964 года. На яго месцы ў 1976-1979 гадах быў пабудаваны шматкватэрны дом.
1944 год
Аддзел фондаў Полацкага Нацыянальнага музею запаведніка апублікаваў у сваёй суполцы на Фэйсбуку ўнікальныя фотаздымкі, на якіх зафіксаваны момант падрыву Мікалаеўскага сабора.
Камісія, якая ўзначальвалася тагачасным намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР В. Г. Каменскім і старшынём Дзяржбуда БССР архітэктарам У. А. Каралём прыняла рашэнне пра „немэтазгоднасць і немагчымасць” аднаўлення комплексу. Будынкі былі зняты з уліку помнікаў гісторыі і культуры. На іх знішчэнне „целевым назначением” з бюджэту вобласці было вылучана 30 тысяч тагачасных рублёў. Пасля разбурэння засталося каля 50 тысяч кубічных метраў „добраякаснай цэглы і шчэбня, якія прадпрыемствамі і насельніцтвам на працягу года былі выкарыстаны на ўпарадкаванне горада”. „За хорошо выполненные работы по обрушению здания кадетского корпуса в городе Полоцке” ўдзельнікам акцыі была аб’яўлена падзяка, двое з іх узнагароджаны ганаровымі граматамі гарвыканкама.
Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя