J:МОРС знялі кліп на новую песню „Паветра”
Гурт „J:МОРС” прадставіў кліп на загалоўную песню новага альбома „Паветра”. Першы за 5 гадоў поўнафарматны альбом выйдзе гэтай восенню, а яго канцэртная прэзентацыя адбудзецца 13 лютага ў Менску.
„Гэтая песня пра нас, пра людзей, пра простыя, але важныя рэчы, – распавёў лідар гурта Уладзімір Пугач tut.by. – Я яе прыдумаў даволі даўно, але некалькі гадоў не вяртаўся да яе. Не было настрою спяваць аб паветры. Цяпер жа яна цалкам адлюстроўвае наш стан: за сабою ўсе творчыя турбацыі, і мы зноў дыхаем на поўныя грудзі. Таму і альбом атрымаў такую назву”.
Песня стала саўндтрэкам да фільма «Ро і Дж», які на студыі „Красный баян” знялі рэжысёр Яўген Лыткін і аператар Максім Малахаў. Стужка распавядае рамантычную гісторыю хлопца і дзяўчыны, якія воляй лёсу павінны знайсці дарогу адзін да аднаго. Уласна, у кліпе можна ўбачыць першыя афіцыйныя кадры праекта яшчэ да яго прэм’еры, прызначанай на пачатак 2016 года. Галоўныя ролі згулялі Алеся Грыбок і Георгій Пятрэнка.
„Музыка”J:МОРС” ідэальна трапляе ў настрой фільма, – кажа рэжысёр Яўген Лыткін. – Тым больш прыемна, што хлопцы адразу пагадзіліся падтрымаць наш праект. А тое, што нам аддадуць загалоўную песню свайго новага альбома, мы наогул ніяк не чакалі”. Папярэдні альбом „J:МОРС” „Электрычнасць” выйшаў у лістападзе 2010-га. Самым свежым на гэты момант дыскам групы з’яўляецца зборнік рарытэтаў „Фотаздымкі 2003-2014”, выпушчаны ў чэрвені 2014-га.