Каб паказаць багацце культуры двух народаў



У Менску пройдзе ІІ фестываль польска-беларускай культуры «Еднасць» (Jedność).

Госць нашай студыі Ірэна Конан, намесніца старшыні „Фундацыі дапамогі дзецям з Гарадзеншчыны”, аднаго з арганізатараў фестывалю.

РР: А давайце прыгадаем першы фестываль. Якой была канцэпцыя гэтага фестывалю?

Першы фестываль быў для нас вельмі важны, бо мы хацелі паказаць беларускую і польскую культуры супольна. Мы не хочам дзяліць гэтыя два раёны, гэтыя дзве дзяржавы. Існуе вельмі шмат польскіх гуртоў. Мы хацелі зрабіць прамоцыю польскай дыяспары ў Беларусі і гэта нам удалося. Фестываль быў запісаны, ёсць дыск, які можна набыць у нас, у офісе фундацыі.

РР: Гэты фестываль культуры. Што на ім адбываецца?

Кожны гурт мае паказаць два творы, па-беларуску і па-польску. Альбо танцы. Летась гэта былі народныя танцы адной і другой краіны.

РР: Сёлета на фестываль збяруцца трыста выканаўцаў. Хто гэта будзе?

Гэта будуць гурты і салісты з усёй Беларусі: з Дзяржынска, Віцебска, Менска, Бабруйска, Слоніма, Ракава, Магілёва, Пінска, Берасця, Гародні.

РР: А ці будуць нейкія госці з Польшчы? А можа варта падумаць таксама над тым, каб запрасіць нейкі калектыў з Падляшша?

Мы распрацоўваем гэтую ідэю. Толькі агулам фестываль фінансуецца са сродкаў канцылярыі Сената Польшчы, якая фінансуе толькі Палонію: палякаў з Беларусі. Таму цяжка было б запрасіць гурты з Польшчы, бо гэта было б за ўласны кошт. А гэтыя кошты сапраўды вельмі вялікія.

РР: Раскажыце па атмасферу фестывалю. 21-га кастрычніка ў Менску збяруцца трыста выканаўцаў. Як увогуле ўсё гэта будзе адбывацца?

Фестываль пройдзе ў Палацы культуры імя Шарко на вуліцы Уральскай, 3 у Менску. Пачынаем у 13:30 і кожны гурт ці салісты будуць выступаць па-чарзе. Кожны ўдзельнік атрымае падарунак-напамін ад Фундацыі, канцылярыі Сената Польшчы і ад нашага партнёра Беларусі, арганізацыі Polska Macierz Szkolna, з якой мы супрацоўнічаем.

РР: Выходзіць, гэты фестываль толькі каб паказаць сваю творчасць, і можа ёсць нейкае спаборніцтва?

Не. Мы проста хочам паказаць культуру абедзвюх краін. Няма спаборніцтва, няма першага месца. Кожны гурт, кожны саліст для нас вельмі важныя.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным файле:

 

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя