Каб ведалі лепш сваю гісторыю і літаратуру
У Слонімскай гарадской бібліятэцы №2” адбылася сустрэча вучняў 8-10 класаў з беларускім паэтам, публіцыстам, краязнаўцам і журналістам Сяргеем Чыгрыном. Супрацоўнікі бібліятэкі Алена Лепко, Ларыса Палуносік і Аксана Беркус пазнаёмілі вучняў з жыццёвым і творчым шляхам свайго земляка. А потым госць прачытаў свае вершы пра родны горад Слонім і паведаміў пра цікавыя гістарычныя падзеі Слонімшчыны. Літаратар таксама распавёў пра сваю кнігу “Слонімскія настроі”, у якой сабраны вершы пра родны горад Слонім 40 беларускіх паэтаў і паэтаў-землякоў.
Вельмі цікава было даведацца вучням, настаўнікам і бібліятэкарам пра гістарычныя падзеі, пра знакамітых людзей Слонімшчыны, пра якія Сяргей Чыгрын напісаў у сваёй новай кнізе “Слонімскія гісторыі”.
Цёплая сустрэча закончылася пытаннямі вучняў і пажаданнямі ад Сяргея Чыгрына – чытаць, ведаць і любіць беларускую літаратуру.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім