Кактэбель Максіма Багдановіча



Працягваем тэму культурнай спадчыны, звязанай з Максімам Багдановічам, якая засталася ў анексаваным Крыме.

Кактэбель  – мястэчка на ўсходзе Крыму, у 20 км ад Феадосіі, З канца XIX стагоддзя папулярнае месца летняга адпачынку. У Кактэбелі гасцявалі вядомыя пісьменнікі, мастакі, навукоўцы.

Максім Багдановіч наведаў Кактэбель летам 1915 года падчас адпачынку ў Старым Крыме.

kaktebel-1

Вынікам паездкі стаў нарыс “Поездка в Коктебель” – адзін з трох нарысаў, аб’яднаных пад агульнай назвай “Из летних впечатлений”  –  падарожныя нататкі на рускай мове ( “Феодосия”, “Старый Крым”, “Поездка в Коктебель”).

Упершыню тэксты былі надрукаваныя з працягам  ў часопісе “Русский экскурсант”, 1916, 1-3 пад рубрыкай “Родиноведение”.

Кактэбель – яшчэ адно месца ў Крыме, якое звязана з летнім каханнем Максіма Багдановіча да Клавы.

koktebel-2

Лета 1915 году – фактычна адзіны перыяд дарослага жыцьця паэта, які распісаны літаральна па днях (ёсць аналогія – дзіцячы адпачынак у Вяззі, адкуль маці, Марыя Апанасаўна, амаль што кожны дзень пісала лісты бацьку, фіксуючы ўсе дробязі, дэталі і падрабязнасці побыту і асаблівасьць стасункаў у сям’і і па-за ёю).  Падзеі лета 1915 году Максім Багдановіч занатоўваў уласнаручна. Ён быў дарослы 23-гадовы студэнт-юрыст. У  матэрыялах да біяграфіі Максіма Адамавіча Багдановіча, бацька паэта Адам Багдановіч пісаў, што Максім:

– У 1915 годзе ездзіў самастойна ў Крым і вельмі ўдала абраў месца для пасялення ў Старым Крыме: гэта адна з лепшых кліматычных станцыяў. І ў лістах, і ў аповедах ён вельмі хваліў кліматычныя ўмовы гэтага месца і таннае жыцьцё. Нават напісаў артыкул  па гэтым пытанні ў “Рускі экскурсант” П.А.Крыцкага… Паездка дала добры вынік: ён прыехаў бадзёрым і вясёлым.     koktebel-3

Калі параўноўваць нарысы “З летніх уражанняў” і  рукапіс, які называюць “інтымны дзённік” паэта, то атрымліваецца, што гэтыя два тэксты паралельна апісваюцць адны і тыя ж падзеі, з’явы і людзей. Сярод спадарожніц аўтара ў яго падрожжы па Старым Крыме і Кактэбеле  можна пазнаць Клаву – летняе каханне паэта.

koktebel-4

У нарысе “Кактэбель” Максім Багдановіч пісаў: “Коктебель полон интеллигентной публикой; сюда съезжаются представители литературного, музыкального, художественного мира; тут приютились гр.Петров, Арцыбашев, гр. А.Н.Толстой, М.Волошин и другие. Живали здесь, между прочим,  участники ультрамодернистической выставки “Бубновый валет” – гг.Кандинский, Лентулов и проч”.

У Кактэбель Максім Багдановіч прыязджаў на аднадзённую экскурсію са Старога Крыму – падчас экскурсіі ён купаўся, хадзіў у мора на баркасе і назіраў (пакуль астатнія удзельнікі экскурсіі хадзілі ў горы), як “вдоль берега то там, то сям шли какие-то барышни с сумками, пристально всматриваясь в его полоску, смежную с водой, и порой на что-то жадно бросаясь. Это искательницы цветных камушков, жертвы специального коктебельского развлечения”.

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя

Богданович А.Материалы к биографии Максима Адамовича Богдановича. Шлях паэта: зборнік успамінаў. Мн., 1975 с.30